У калоніі памёр экс-супрацоўнік КДБ Мікалай Варапай, асуджаны за «шпіянаж» на карысць Украіны
1- 23.07.2026, 18:29
- 1,984
Паводле звестак праваабаронцаў, мужчына памёр падчас знаходжання ў ШІЗА.
У калоніі памёр экс-супрацоўнік КДБ, вайсковы аналітык Мікалай Варапай, асуджаны за «шпіянаж» на карысць Украіны, паведаміў праваабарончы цэнтр «Вясна» 23 ліпеня. У афіцыйных крыніцах або дзяржаўных СМІ гэтую інфармацыю не каментавалі.
Паводле звестак праваабаронцаў, Варапай памёр у 2024 годзе падчас знаходжання ў ШІЗА. Магчымай прычынай смерці крыніцы «Вясны» называюць інсульт. Пацверджання гэтай інфармацыі няма.
У студзені 2024 года на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1» выйшаў сюжэт пра Варапая. Там распавялі, што яго затрымалі ў 2017 годзе ў Мінску з дакументам з грыфам «Цалкам сакрэтна», які ён збіраўся перадаць Галоўнаму ўпраўленню разведкі Мінабароны (ГУР МО) Украіны, заявілі аўтары фільма «Правал ГУР Мінабароны Украіны. Здраднік Варапай. Контрвыведка КДБ Беларусі», які паказаў дзяржаўны тэлеканал «Беларусь 1».
Як сцвярджалі прапагандысты, мужчына перадаваў Кіеву, у тым ліку, даныя пра супрацоўніцтва Беларусі з партнёрамі па АДКБ. Таксама яго прасілі здабыць дакумент з задумам вучэнняў «Захад 2017».
У ягоным аўтамабілі знайшлі тайнік, дзе, як заявілі стваральнікі фільма, было каля 800 дакументаў, якія Варапай «праходзячы службу ў дзяржорганах Беларусі, вынес».
Мікалая Варапая асудзілі за здраду дзяржаве на 12 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем вайсковага звання палкоўніка.