Прэм'ер Латвіі заявіў пра ўзмацненне ціску з тэрыторыі Беларусі
2- 24.07.2026, 12:00
За атакамі нелегалаў стаіць Пуцін.
У эксклюзіўным інтэрв’ю праграме Europe Today прэм’ер-міністр Латвіі Андрыс Кулбергс заявіў, што за нядаўнім ростам колькасці нелегалаў на мяжы з Беларуссю стаіць асяроддзе Пуціна. Задача Крамля — адцягнуць увагу грамадства ад ваеннай паразы ва Украіне, піша сайт тэлеканала Euronews.
Прэм’ер-міністр Латвіі Андрыс Кулбергс заявіў Euronews, што Расія і Беларусь узмацняюць гібрыдную вайну супраць балтыйскай дзяржавы, паколькі прэзідэнту Путіну трэба адцягнуць увагу ад страт на полі бою ва Украіне.
Прычынай для такіх ацэнак сталі сігналы ад латвійскіх памежнікаў. За адзін дзень на мінулым тыдні яны зафіксавалі адразу 111 спроб незаконнага перасячэння з боку Беларусі. Для параўнання, у суседняй Літве, мяжа якой з Беларуссю амаль у чатыры разы даўжэйшая, за той жа перыяд зарэгістравалі толькі дзве падобныя спробы. Пры гэтым большасць затрыманых, адзначыў Кулбергс, — гэта маладыя мужчыны з крымінальным мінулым.
«Нас правяраюць, — заявіў ён у ранішняй праграме Europe Today. — Сёння гэта мая краіна, а заўтра падобны сцэнар можа закрануць нашых суседзяў у Літве, Эстоніі, Фінляндыі або Польшчы. Гэта гібрыдная пагроза, вайсковая пагроза. Расія дзейнічае менавіта так», — дадаў ён.
З 2021 года Лукашэнка заваблівае мігрантаў з Блізкага Усходу і Афрыкі, пасля іх аўтобусамі дастаўляюць да мяжы з Польшчай і краінамі Балтыі. Многія краіны ў адказ узмацнілі сваю памежную абарону, у тым ліку ўзводзячы агароджы.
У сераду Узброеныя сілы Латвіі паведамілі, што зрабілі папераджальны стрэл і ўжылі слёзацечны газ супраць мігрантаў, якія спрабавалі перайсці мяжу з боку Беларусі.
Адказваючы на пытанне, чаму Расія і Беларусь маглі абраць мэтай менавіта яго краіну, Кулбергс адказаў: «Таму што Пуцін прайграе ва Украіне, усё проста. Ён мусіць пераключыць увагу на нешта іншае».
Паводле паведамленняў, крызіс на мяжы прымусіў некаторых палітыкаў у суседняй Літве задумацца пра ўвядзенне памежнага кантролю з Латвіяй, каб прадухіліць другасную міграцыю, аднак такую перспектыву рашуча адкідваюць прэзідэнты абедзвюх краін. Аб’ём другаснай міграцыі ў Літву рэзка вырас пасля таго, як Латвія стала мішэнню для новых плыняў мігрантаў.
Акцыя супраць Рыгі супала з пачаткам кампаніі па падрыхтоўцы да парламенцкіх выбараў у Латвіі ў кастрычніку, што дазваляе меркаваць, што ідзе гаворка пра скаардынаваныя высілкі па дэстабілізацыі дэмакратыі ў рэгіёне.