Румынскі F-16 упершыню збіў беспілотнік, які заляцеў на тэрыторыю краіны
- 24.07.2026, 13:01
Мясцовасць была бязлюднай, таму пілот змог адкрыць агонь без якой-небудзь рызыкі.
У пятніцу, 24 ліпеня, румынскі знішчальнік F-16 упершыню збіў беспілотнік, які парушыў паветраную прастору краіны.
Пра гэта паведаміў прэзідэнт краіны Нікушор Дан у сацыяльнай сетцы X.
Паводле інфармацыі Дана, інцыдэнт адбыўся раніцай 24 ліпеня каля 11:00.
Румынскі прэзідэнт адзначыў, што мясцовасць была бязлюднай, таму пілот змог адкрыць агонь без якой-небудзь рызыкі.
«Зараз групы спецыялістаў адпаведных ведамстваў праводзяць абследаванне мясцовасці з мэтай высвятлення ўсіх абставінаў інцыдэнту», — дадаў Дан.
У ноч на 29 мая, падчас расійскай атакі на Украіну, дрон урэзаўся ў 10-павярховы дом у румынскім горадзе Галац, двое чалавек былі шпіталізаваныя, 70 эвакуяваныя.
Гэта быў расійскі дрон тыпу «Герань-2».