27 лiпеня 2026, панядзелак, 20:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзесяткі ахоўнікаў Лукашэнкі атрымалі кватэры ў таннай новабудове

11
Дзесяткі ахоўнікаў Лукашэнкі атрымалі кватэры ў таннай новабудове
Новабудовы на вуліцы Валгаградскай. Фота: ГПО «Минскстрой», Telegram

Раней улады казалі, што гэта жыллё для шматдзетных сем'яў.

У 2025 годзе ў Мінску скончылі будаўніцтва новага квартала шматпавярховак на вул. Валгаградская, 74. Гарадскія ўлады заяўлялі, што гэта будзе жыллё для чаргавікоў. «Zerkalo» высветліла, што насамрэч у адным з дамоў пасяліліся некалькі дзесяткаў супрацоўнікаў Службы бяспекі Лукашэнкі, уключаючы яго асабістых целаахоўнікаў.

Паводле «Zerkalo», у новабудове па адрасе: вул. Валгаградская, 74, больш за палову кватэр аказаліся звязаныя са Службай бяспекі Лукашэнкі і яе супрацоўнікамі. Два дзясяткі кватэр афіцыйна знаходзяцца ў аператыўным кіраванні гэтай структуры, а каля сарака новых уладальнікаў нерухомасці фігуравалі ў уцечках як супрацоўнікі аховы.

Напрыклад, у спісе ўладальнікаў новых кватэр — Ілья Пагуляеў, які шмат разоў трапляў на фота з мерапрыемстваў з удзелам Лукашэнкі. Падчас фіналу конкурсу «Міс Беларусь» у верасні 2025 года ён сядзеў проста перад дыктатарам, побач з яго прэс-сакратаркай Наталляй Эйсмант.

Ахоўнік Уладзіслаў Кавалеўскі заслоняў сабой палітыка ў Бішкеку праз некалькі месяцаў пазней. А былы міліцыянт Андрэй Пузырэнка стаяў за спінамі наведвальнікаў храма ў Раўбічах, калі Лукашэнка прыехаў туды ў студзені 2026 года.

Трохпакаёўка ў новым доме дасталася целаахоўніку Арцёму Сабешчанскаму, які некалькі разоў трапляў на фота як суправаджальнік Мікалая Лукашэнкі. Яго новы сусед Аляксандр Пашкевіч часцей працаваў на мерапрыемствах з удзелам старшыні «палаты прадстаўнікоў» Ігара Сяргеенкі, а Раман Карачан кантраляваў сітуацыю падчас паездкі ў Іран Рамана Галоўчанкі.

Варта адзначыць, што не ўвесь 16-павярховы дом перайшоў да службы бяспекі. З дапамогай «Кіберпартызанаў» і бота «Вока Змагара» мы даведаліся, што некаторыя жыхары фігуравалі ў уцечках у сувязі са службай у структурах МУС. У спісе ўладальнікаў таксама знайшліся імёны некалькіх супрацоўнікаў Мінгарвыканкама.

Пяць кватэр знаходзяцца ў кіраванні Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры Лукашэнку (ААЦ) — аднаго з самых закрытых ведамстваў Беларусі, якое афіцыйна абараняе ад уцечак дзяржаўныя сакрэты і «іншыя звесткі, што ахоўваюцца ў адпаведнасці з заканадаўствам». Таксама там могуць жыць і звычайныя людзі, не звязаныя з дзяржаўнай службай.

Заказчыкам гэтага дома было Упраўленне капітальнага будаўніцтва Цэнтральнага раёна Мінска, працы выконвала арганізацыя «МАПІД». Побач адну за адной збудавалі адразу пяць шматпавярховак: пачалі ў ліпені 2023-га, а скончылі ў снежні 2025-га.

Кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёна Вадзім Пярэдня паведамляў, што ўсе пяць дамоў прызначаныя для тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. СМІ не раз называлі гэта месца «новым кварталам для шматдзетных».

Для чатырох дамоў можна знайсці афіцыйныя праектныя дэкларацыі, дзе пазначаныя ўмовы набыцця кватэр. У кожнай згадвалася, што шматпавярхоўкі будуюць «для грамадзян, у першую чаргу шматдзетных сем'яў, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў».

А вось для пятага дома — № 74, дзе ў выніку размясціліся «бяспечнікі», — такі дакумент адшукаць не ўдалося. Магчыма, яго не было, альбо публікацыю зрабілі ў недаступным для пошуку фармаце. Супрацоўнікі аховы Лукашэнкі маглі стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў разам з 171 600 іншымі мінскімі сем'ямі. Паводле «Zerkalo», да атрымання новых кватэр у многіх з іх не было сваёй нерухомасці ў Мінску. У некаторых жылплошча была, але квадратных метраў магло не хапаць. А вось шматдзетныя сярод навасёлаў далёка не ўсе, у большасці сем'яў — па 1–2 дзіцяці.

Новыя кватэры не былі бясплатнымі, аднак маглі абысціся значна танней за рынкавы кошт для Мінска. Цану квадратнага метра ў «сілавым» доме № 74 не публікавалі, жыхары суседніх шматпавярховак таго ж забудоўшчыка называлі журналістам сумы ў 2100—2300 рублёў за квадрат.

Як высветліла «Zerkalo», многія навасёлы са службы бяспекі афармлялі льготныя крэдыты ад «Беларусбанка» на 20 гадоў, сумы пазыкаў складалі ад 50 да 90 тысяч рублёў. Кватэры, набытыя на такіх умовах, нельга прадаваць да пагашэння запазычанасці. А вось тыя, хто набыў жыллё без банкаўскай пазыкі, маюць права выставіць яго на продаж. У інтэрнэце можна знайсці адзінкавыя аб'явы пра перапродаж кватэр у непублічным доме № 74. У іх указваліся цэны ў 5400 і 6460 рублёў за метр.

Верагодна, такой магчымасцю скарыстаўся Аляксей Шкут са службы бяспекі. У студзені 2026-га яго сям'я аформіла трохпакаёвую кватэру ў новабудове на вул. Валгаградскай, а ў лютым прадала яе (сума здзелкі невядомая). Ужо ў сакавіку сям'я набыла ўчастак і дом у Дзяржынскім раёне. Дарэчы, без жылплошчы ў Мінску Аляксей не застаўся: яшчэ з 2014-га на яго была аформленая іпатэчная аднапакаёўка на вуліцы Тышкевічаў.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках