Дрэнная навіна для лукашыстаў
- 31.07.2026, 11:48
- 2,562
Санкцыі цяпер пойдуць без пакетаў.
Еўропа можа адмовіцца ад пакетнага прыняцця санкцый у дачыненні да Расіі, а разам з тым і Беларусі. Афіцыйныя медыя ўжо паспелі асцярожна парадавацца — маўляў, і новых санкцыйных ідэй няма, і пакеты праходзяць узгадненне занадта цяжка. Дык што 21-ы пакет прынялі, да яго мы хутка прыстасуемся (насамрэч, не факт), а потым — усё. Санкцыі выйшлі на плато. Але для агрэсараў, падаецца, дрэнныя навіны, піша planbmedia.io.
Без пакетаў
Сёння The Financial Times напісала, што еўрапейскія краіны разглядаюць новы падыход да працэсу прыняцця санкцый супраць Расіі. Адна з ідэй, якая набывае папулярнасць у Еўракамісіі і сярод найбольш праўкраінскіх краін, заключаецца ў тым, каб узгадняць і ўводзіць санкцыі паасобку або невялікімі тэматычнымі групамі, замест таго, каб імкнуцца да буйных пакетаў дзеля піару.
Сапраўды, узгадненне пакетаў было клопатным заняткам. Апошні, у прыватнасці, затрымлівала Грэцыя, патрабуючы выключэнняў для сваёй суднаходнай кампаніі.
Новы падыход паменшыць рызыку затрымак санкцый, бо краіны будуць мець менш магчымасцяў карыстацца правам вета падчас перамоў, цытуе FT «Медуза».
Літва рыхтуе ўдар
Беларусі таксама не выпадае разлічваць на паслабленні. Літоўскае LRT піша, што МЗС мае намер дапоўніць закон аб нацыянальных санкцыях новымі абмежаваннямі для грамадзян Расіі і Беларусі. Ідзе пра забарону на набыццё нерухомасці паблізу стратэгічных аб’ектаў і забарону на ўезд у краіну дзеячоў культуры, адукацыі і спорту, якія падтрымліваюць агрэсію.
«Важна забяспечыць установы яснай прававой асновай для прыняцця своечасовых, паслядоўных і абгрунтаваных рашэнняў, каб грамадская дзейнасць у сферы культуры або забавак не выкарыстоўвалася для прапаганды, скажэння гісторыі і фармавання наратываў з мэтай уплыву на літоўскае грамадства і эксплуатацыі гэтых сфер як палітычнага інструмента», — гаворыцца ў каментары міністэрства агенцтву BNS.
Папраўкі да закона прадугледжваюць, што фізічным і юрыдычным асобам, а таксама прадстаўнікам арганізацый з Расіі і Беларусі, якія жадаюць ажыццяўляць грамадскую дзейнасць у сферах адукацыі, навукі і даследаванняў, культуры, спорту, мастацтва і забавак, будзе адмоўлена ва ўездзе ў Літву, калі будзе ўстаноўлена, што яны ажыццяўляюць або ажыццяўлялі такую дзейнасць на тэрыторыях Украіны, анексаваных Расіяй, часова акупаваных Расіяй, калі яны наўпрост або ўскосна падтрымліваюць вайну супраць Украіны або ўдзельнічалі ў ёй.
Прапануецца таксама адмаўляць ва ўездзе асобам, якія здзяйсняюць дзеянні або праводзяць палітыку, што падрывае тэрытарыяльную цэласнасць, суверэнітэт і незалежнасць Украіны, падрывае стабільнасць або бяспеку Украіны, а таксама тым, хто наўпрост або ўскосна падтрымлівае грубыя парушэнні правоў чалавека або рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычных сіл у Расіі, Беларусі, або чыя дзейнасць стварае пагрозу дэмакратыі або вяршэнству права.
Глядзіш, спачатку Літва стане зонай, вольнай ад прапагандыстаў і аматараў паспяваць і патанцаваць на акупаваных тэрыторыях, а там і астатнія падцягнуцца. Пакуль працягваецца расійская агрэсія супраць Украіны і рэпрэсіі ў Беларусі, не будзе ні плато, ні адлігі.