9 лiпеня 2026, Чацвер, 18:54
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: У нашай сям'і з'явіўся яшчэ адзін палітвязень

2
Мікалай Статкевіч: У нашай сям'і з'явіўся яшчэ адзін палітвязень
Мікалай Статкевіч

Беларускі палітык расказаў пра спецаперацыю супраць ягоных хатніх улюбёнцаў.

Палітвязень і лідар партыі «Народная Грамада» Мікалай Статкевіч расказаў пра аперацыю супраць дзвюх ягоных сабак з удзелам міліцыі і службы адлову. «Можа, сабакі перашкаджалі блізкаму «назіранню» за домам або негалосным «візітам» у яго?» — лічыць Статкевіч.

– Старая Лошыца, дзе мы яшчэ жывём, ідзе пад знос. З нашым домам судовыя выканаўцы стварылі затрымку. А суседскія дамы ўжо апусцелі, іх зносяць, людзей вакол жыве ўсё меней, затое ўсё болей прышэльцаў, якія хочуць паблукаць па закінутых сядзібах у пошуках «здабычы».

Нас яны турбаваць не адважваюцца, бо цяпер нашы сабакі свабодна бегаюць па агароджаным двары за зачыненымі ад вуліцы і ад саду каліткамі.

Верагодна, для кагосьці наяўнасць двух сабак у двары стварае «нязручнасці». І нядаўна, калі мы з'ехалі па справах, нехта прайшоў праз суседнюю апусцелую сядзібу ў наш сад і звонку зламаў садовую, непераадольную для сабак, калітку. Сабакі выскачылі на волю.

Калі мы вярнуліся, дома засталі толькі маленькага, рыжага і жвавага хітруна Рыкі, а вялікі і моцны Бой знік. Ягоныя пошукі на працягу сутак нічога не далі. Назаўтра ў Лошыцы з'явілася «спецмашына» па адлове сабак. Яе спецыялісты, якіх змагла дагнаць і «адлавіць» Марына, пацвердзілі, што гэта яны злавілі і завезлі на Гурскага Боя, калі прыехалі па выкліку міліцыі, а вось рыжы пёсік ад іх уцёк. І шукалі яго, з дапамогай міліцыі, якраз каля дома гаспадароў гэтых, нібыта, «нічыйных бадзячых» сабак. То-бок, чые гэта сабакі, не было сакрэтам, прынамсі для міліцыі. Але вылавіць рыжага і там не ўдалося.

Дзе іх спачатку лавілі, са слоў супрацоўнікаў спецкамбіната? Там, куды бягуць усе кобелі — дзе «загуляла» сука. Бо яе пах яны чуюць ледзь не за кіламетры. Там былі і іншыя, сапраўды бадзячыя сабакі, бо ўжо выселеныя са Лошыцы людзі, напалоханыя падаткамі і новымi абмежаваннямі ўладаў на хатніх жывёл, часта пакідаюць іх пры пераездзе, а яшчэ часцей іх падкідваюць у прыватны сектар жыхары шматпавярховак. Але лавілі толькі канкрэтных сабак — нашых.

Боя мы на наступны дзень забралі з прыёмніка на вуліцы Гурскага з глухой камеры з дзвярыма, абітымі бляхай, з рашоткавым акенцам на іх і надпісам «Ізалятар». Да болю знаёмая карціна.

Дык што ў нашай сям'і з'явіўся яшчэ адзін палітвязень — Бой (гэта ён на фота разам з цяпер ужо сваім калегам). Нібыта нейкая крымінальная сямейка атрымліваецца.

Не ведаю, навошта ім усё гэта спатрэбілася.

Можа, сабакі перашкаджалі блізкаму «назіранню» за домам або негалосным «візітам» у яго?

Ці хочуць усё ж «зачысціць» і прымусіць да эміграцыі адну асобную сям'ю, як гэта яны ўжо паспяхова зрабілі з паўмільёнам беларусаў?

Ці, даведаўшыся пра нашы планы пасля пераезду, маюць на іх ужо свае планы, дзе сабакі ім будуць перашкаджаць?

Пакуль дакладна не ведаю.

Але ўражваюць маштабы гэтай спецаперацыі па «нейтралізацыі» дзвюх сабак. Уяўляю працэс яе планавання так. Спачатку думалі, як атрымаць доступ да гэтых «аб'ектаў».

Першы варыянт — проста ўскрыць калітку на вуліцу, каб сабачкі самі выскочылі на яе, дзе кагосьці «пакусалі» б («пакусанага» можна і прызначыць), або проста згубіліся б у двухмільённым горадзе, — здаваўся самым простым. Ён і быў рэалізаваны некалькі тыдняў таму з дапамогай мясцовага выпівохі, які пасля сам пра ўсё прагаварыўся.

Але сабачкі, уначы выпушчаныя ім на вуліцу і пабегаўшы па ёй, нікога не пакусалі, бо вуліца — гэта ж не іх тэрыторыя. Там нават брэшаць — толькі лішнія «гавы» траціць. Злавіць жа іх на той вуліцы «вызваліцелям» не ўдалося і раніцай: калі гаспадары прачнуліся, сабакі ўжо былі дома, хоць і з прыкметнымі траўмамі і нязвыкла ціхімі паводзінамі. Пасля гэтага вароты і калітка былі абсталяваныя мною больш надзейнымі замкамі і сталі пастаянна іх зачыняць.

Але геній нашчадкаў Дзяржынскага таксама не драмаў. Ён выявіў сябе ў наступным, больш дасканалым, плане. Мяркую, што іх аналітыкі прыйшлі да глыбакадумнай высновы, што недастаткова выманіць сабачак на вуліцу. Трэба, каб яны яшчэ самі прыбеглі ў пэўнае месца, дзе іх можна будзе «прыняць».

Карацей, звярнуўшыся да глыбін прафесійнага майстэрства, вырашылі ўжыць вядомы ўжо стагоддзямі, але дагэтуль эфектыўны спосаб «мядовай пасткі». Уяўляю, як аналітыкі «службаў» вывучаюць здабытыя «агентурным шляхам» даныя пра біялагічныя цыклы навакольных сук, каб выбраць час аперацыі.

Старажытны спосаб зноў спрацаваў бездакорна — у «мядовую пастку» трапіў жаданы «аб'ект». Праўда, другі здолеў выкруціцца, і давялося прыкладаць дадатковыя намаганні па яго затрыманні, якія зноў не былі паспяховымі, але прывялі да раскрыцця гэтай выдатнай аперацыі.

Думаю, што ўсё адбывалася прыкладна так. Не ведаю толькі, каго і як узнагародзілі за гэтую «вышыню прафесійнай кампетэнцыі». Ведаю толькі, што ўсё гэтае свята прафесіяналізму было за нашы з вамі грошы, — напісаў Статкевіч.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках