У Беларусі пачалі дзейнічаць змены па перапланіроўцы жылля
- 9.07.2026, 20:12
- 1,652
Ёсць навацыі па балконах, антэнах і кандыцыянерах.
У Беларусі з 8 ліпеня па-новаму трэба ўзгадняць перапланіроўку жылля ў шматкватэрных дамах. З'явіліся як паслабленні, так і ўжорстванні. Беларусы тым часам у сацсетках абмяркоўваюць гэтыя навацыі, асабліва — па балконах і лоджыях. Эксперты wikidom.by растлумачылі, што змянілася.
«Ашкленне балконаў і лоджый больш не лічыцца перапланіроўкай. Аднак ёсць важная ўмова: яго трэба выконваць па зацверджаных мясцовымі ўладамі варыянтах (колер, матэрыялы, канфігурацыя), якія звычайна размяшчаюцца на афіцыйных сайтах выканкамаў. Для дамоў, што маюць гісторыка-культурную каштоўнасць, патрабуецца ўзгадненне з Міністэрствам культуры», — тлумачаць эксперты wikidom.by.
Новаўвядзенне па балконах і лоджыях даволі актыўна абмяркоўваюць у сацсетках.
Паводле слоў аналітыкаў, новая пастанова ўносіць яснасць і істотна скарачае бюракратычныя бар'еры для большасці распаўсюджаных відаў рамонту. Аднак за любое самавольнае пераўладкаванне або перапланіроўку, выкананыя з парушэннем правілаў, прадугледжаны штрафы і абавязак вярнуць памяшканне ў першапачатковы стан.
«Напрыклад, далучэнне балкона да жылога пакоя, спробы ўцяплення вонкавых сцен без адпаведнага праекта або самавольны перанос батарэй могуць прывесці да сур'ёзных наступстваў», — адзначаюць эксперты wikidom.by.
Прасцей кажучы, перапланіроўка балкона або лоджыі (але не іх ашкленне), напрыклад аб'яднанне з пакоем, як і раней, патрабуе ўзгаднення.
Новаўвядзенне па антэнах і кандыцыянерах
Спрошчана працэдура ўзгаднення ўстаноўкі індывідуальных антэн і вонкавых блокаў кандыцыянераў на фасадах і дахах. Цяпер для атрымання дазволу не трэба падаваць план-схему з указаннем дакладнага месца размяшчэння абсталявання. Таксама спрашчаецца ўзгадненне ўжо самавольна ўсталяваных канструкцый.
Выключана натарыяльнае засведчанне згоды ўсіх удзельнікаў агульнай долевай уласнасці на памяшканне. Таксама больш не патрабуецца атрымліваць згоду паўналетніх грамадзян, якія проста маюць права валодання і карыстання гэтым памяшканнем (напрыклад, арандатараў або дарослых дзяцей уласніка).
Цяпер не патрабуецца правядзенне тэхнагляду пры выкананні работ па пераўладкаванні і перапланіроўцы. Адпаведна, у склад прыёмнай камісіі больш не будуць уваходзіць прадстаўнікі тэхнагляду, але ў яе абавязкова павінны быць уключаныя прадстаўнікі энерга- і газазабеспячальных арганізацый.
Адмяняецца абавязковая экспертыза праектаў пераўладкавання і перапланіроўкі. Праўда, для работ, што закранаюць нясучыя канструкцыі (якія цяпер адносяцца да рэканструкцыі), экспертыза ўсё адно абавязковая паводле іншых нарматыўных актаў.
Што цяпер можна рабіць без праекта?
Значнае спрашчэнне закранула наступныя віды работ:
Гідра-, пара- і гукаізаляцыя. Цяпер для ўладкавання гідраізаляцыі ў ваннай, туалеце або на кухні, а таксама для паляпшэння шумаізаляцыі сцен, падлогі або столі не патрабуецца распрацоўка праекта. Гэта азначае, што пры замене падлогавага пакрыцця ў «мокрых зонах» і стварэнні новага ахоўнага слоя ад працяканняў больш не трэба заказваць і ўзгадняць праектную дакументацыю.
Уласнік можа выконваць гэтыя работы самастойна або наймаць любых фізічных і юрыдычных асоб без заключэння дагавору будаўнічага падраду.
Змяненне планіроўкі з дапамогай перагародак. Дазволена змяняць плошчу і колькасць жылых пакояў і дапаможных памяшканняў за кошт разборкі існуючых і ўладкавання новых перагародак — і ўсё гэта без распрацоўкі праекта. Тое самае датычыцца і нежылых памяшканняў у жылых дамах.
Уладкаванне праёмаў у ненясучых сценах таксама выведзена з-пад патрабавання абавязковага праектавання.
Спрашчэнне датычыцца толькі работ, якія не закранаюць канструктыўную бяспеку будынка.
Што строга забаронена і патрабуе асаблівага падыходу?
Змены ў нясучых канструкцыях цяпер лічацца рэканструкцыяй. З пераліку работ па пераўладкаванні і перапланіроўцы цалкам выключаныя работы, пры выкананні якіх уносяцца змены ў нясучыя канструкцыі. Такія дзеянні цяпер афіцыйна адносяцца да рэканструкцыі і рэгулююцца будаўнічым заканадаўствам, што прадугледжвае больш строгія патрабаванні, уключаючы абавязковую экспертызу праекта. Гэта зроблена для ўзмацнення кантролю за найбольш небяспечнымі відамі работ, якія могуць паўплываць на бяспеку ўсяго будынка.
Работы, пад якія трэба сабраць нямала «паперак»
Поўны пакет дазвольнай дакументацыі, распрацоўка і ўзгадненне праекта па-ранейшаму патрабуюцца:
для замены або пераносу сістэм газазабеспячэння і цэнтральнага ацяплення;
змены або пераносу сістэм смеццевыдалення і газаадводу;
ўладкавання цеплаізаляцыі.