Беларусаў на пачатку жніўня чакае сапраўдная афрыканская спёка
- 1.08.2026, 10:51
- 1,232
Надвор'е будзе абумоўлена Азорскім антыцыклонам.
Здавалася б, летні сезон павінен ісці на спад, аднак у прыроды сваё бачанне.
Беларусаў на пачатку жніўня чакае сапраўдная афрыканская спёка, паведамляе Белгідрамет.
Спякотнае надвор'е будзе абумоўлена Азорскім антыцыклонам, які перамясціўся з Заходняй Еўропы на Балканскі паўвостраў, стаўшы прычынай прытоку трапічных паветраных мас з поўначы Афрыкі ў Цэнтральную Еўропу. Беларусь у гэты час будзе знаходзіцца на паўночнай перыферыі гэтага абшырнага антыцыклона. З паўднёвымі вятрамі ў рэспубліку будуць паступаць анамальна цёплыя трапічныя паветраныя масы, што абумовіць павышэнне тэмпературнага фону: у начныя гадзіны чакаецца ў асноўным ад +13°С да +24°С, удзень паветра прагрэецца да +27…+34°С, у паўднёвых раёнах да +35…+38°С; пры гэтым на поўначы краіны тэмпературны фон будзе на 1…3°С ніжэй.
У сувязі з вельмі моцнай спёкай на 1 жніўня (субота) па Брэсцкай і Гомельскай абласцях абвешчаны чырвоны ўзровень небяспекі. У гэтых абласцях на сярэдзіну дня чакаецца +35…+37°С. На астатняй частцы тэрыторыі з-за высокіх тэмператур, +30…+34°С, дзейнічае аранжавы ўзровень небяспекі.
Разам з тым у суботу (1 жніўня) надвор'е будзе даволі неўстойлівым. Пад уплывам атмасфернага фронту ўначы месцамі па паўночным захадзе пройдуць кароткачасовыя навальнічныя дажджы. Раніцай і ўдзень уплыў франтальнай зоны распаўсюдзіцца на паўночна-заходнюю палову рэспублікі. Таму раніцай і ўдзень па паўночна-заходняй палове рэспублікі прагназуюцца кароткачасовыя дажджы з навальніцамі. У дзённыя гадзіны пры актыўным развіцці атмасферных працэсаў на паўночным захадзе пры навальніцах месцамі чакаюцца моцныя ліўні, град і шквалістае ўзмацненне ветру парывамі 15−20 м/с, у асобных раёнах парывы могуць дасягаць 21−24 м/с. На навальніцы, моцныя ліўні, град і шквалістае ўзмацненне ветру абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі!
«Небяспека летніх канвектыўных працэсаў палягае ў тым, што яны развіваюцца вельмі імкліва і на працягу ўсяго некалькіх гадзін могуць дасягаць небяспечных значэнняў. Таму, адпраўляючыся на адпачынак, як ніколі важна сачыць за папярэджаннямі, падрыхтаванымі Белгідраметам, якія ў аператыўным рэжыме размяшчаюцца на нашым сайце pogoda.by, у нашых сацыяльных сетках і мабільным дадатку «Надвор'е ў кішэні», — паведаміў Белгідрамет.