Санчэс: прарыў мігрантаў у Сеуту — напад на Іспанію
5- 1.08.2026, 10:59
- 2,476
Фота: REUTERS
Прэм’ер-міністр прыбыў у іспанскі эксклаў на поўначы Афрыкі.
Прарыў дзясяткаў тысяч нелегальных мігрантаў у іспанскі эксклаў Сеута на поўначы Афрыкі — гэта «напад» на Іспанію і «парушэнне тэрытарыяльнай цэласнасці» краіны. Пра гэта заявіў у пятніцу, 31 ліпеня, прэм’ер-міністр Іспаніі Педра Санчэс, які прыбыў у Сеуту, перадае «Нямецкая хваля».
Напярэдадні Мадрыд упершыню з 2021 года накіраваў у эксклаў вайскоўцаў для падтрымання парадку.
Па ацэнках мясцовых уладаў, за апошнія дні ў іспанскі эксклаў, які мяжуе з Марока, нелегальна праніклі каля 60 тысяч мігрантаў. Дзясяткі з іх патанулі, спрабуючы даплысці з Марока да Сеуты. Да вечара 31 ліпеня колькасць загінулых складала 57 чалавек, адзначае агенцтва dpa.
Мадрыд: Дзясяткі тысяч мігрантаў вярнуліся ў Марока
У той жа час урад Іспаніі паведаміў, што дзясяткі тысяч мігрантаў добраахвотна вярнуліся ў Марока праз сухапутную мяжу. Увечары 31 ліпеня міністр замежных спраў Іспаніі Хасэ Мануэль Альбарэс заявіў у сацсетцы X, што крызіс фактычна пераадолены: амаль усе, хто пранік у Сеуту, на той момант ужо вярнуліся ў Марока.
Жыхары Сеуты выходзілі на пратэсты
Напярэдадні ўвечары жыхары Сеуты, насельніцтва якой складае каля 85 тысяч чалавек, выйшлі на акцыі пратэсту супраць прытоку нелегальных мігрантаў, абвінавачваючы ўрад у страце кантролю над сітуацыяй. Шматлікія крамы заставаліся зачыненымі з-за апасенняў рабункаў, адзначае агенцтва dpa. «Многія баяцца выходзіць з дома», — заявіў адзін з жыхароў тэлеканалу RTVE.
Паводле дадзеных Еўракамісіі, на гэты момант ніводнаму нелегальнаму мігранту, які прыбыў у Сеуту, не ўдалося дабрацца да мацерыковай часткі Еўропы.