У мінскім «Еўраопце» з'явіліся электронныя цэннікі
3- 1.08.2026, 18:51
Цэны на тавары цяпер будуць змяняцца аўтаматычна.
На навіну з аднаго са сталічных «Еўраоптаў» звярнула ўвагу адна з карыстальніц у Threads, піша Blizko.by.
«Электронныя цэннікі замест папяровых, цэны будуць змяняцца аўтаматычна. Выглядаюць нязвыкла, такія чорныя экранчыкі», — падзялілася навіной і фота беларуска.
У каментарыях дзяўчына ўдакладніла, што пакуль убачыла такія цэннікі толькі ў «Еўраопце» побач з ЦУМам. Як хутка гэты досвед распаўсюдзіцца на іншыя крамы сеткі і ці выйдзе за межы сталіцы, пакуль незразумела. Аднак, як адзначалі ў абмеркаваннях, у некаторых краінах Еўропы і Расіі такія цэннікі заўважалі ўжо даўно.

Беларусы неадназначна адрэагавалі на навіну пра новаўвядзенне. Частка людзей лічыць, што электронныя цэннікі дапамогуць зэканоміць паперу і спрасціць працу ў крамах.
Аднак іншыя паставіліся да ідэі скептычна. Некаторыя засумняваліся ў яе экалагічнасці, адзначаючы, што такія прылады ўсё адно патрабуюць батарэек або іншых крыніц сілкавання.
Некаторыя карыстальнікі выказалі меркаванне, што электронныя цэннікі могуць прыцягнуць увагу злодзеяў, як гэта ўжо здаралася ў Расіі. Іншыя звярнулі ўвагу на тое, што надпісы на такіх таблічках могуць быць занадта дробнымі, што створыць нязручнасці для людзей са слабым зрокам.
Прагучаў і жарт пра магчымую праблему з хуткай зменай цэн: пакупнік можа ўзяць тавар па адной цане, а пакуль дойдзе да касы, яна ўжо можа стаць іншай.