Беларускі адказалі на словы Лукашэнкі пра дэмаграфію
2- 13.08.2026, 19:20
- 1,652
Гарачая дыскусія ў сацсетках.
Лукашэнка запатрабаваў ад урада «ажывіць дэмаграфічныя працэсы». 11 жніўня ён выказаў незадаволенасць, што жанчыны ў Беларусі мала нараджаюць.
Беларускі адказалі на словы дыктатара. Дыскусію запусціў пост у Threads карыстальніцы з нікам arvash: «Усе абмяркоўваюць нараджальнасць і памер дапамог у РБ, але чамусьці ніхто не прапанаваў жанчын-домагаспадынь выключыць са спісу дармаедаў? Як жанчына павінна нараджаць мінімум трох дзяцей, весці побыт, выхоўваць дзяцей і яшчэ працаваць?»
Пост выклікаў шырокі водгук — іншыя беларускі пачалі дзяліцца ўласным досведам. Адна з карыстальніц распавяла, што пасля другога дэкрэтнага адпачынку, калі яе дзецям было 3 і 5 гадоў, яе выклікалі на камісію — даказваць, што яна «дармаедка», бо на той момант не выйшла на працу і займалася дзецьмі. Паводле яе слоў, знаёмую ў аналагічнай сітуацыі так запалохалі, што тая ўладкавалася працаваць у дастаўку.
«Вельмі «прыемнае» стаўленне да жанчын, якія нарадзілі і выхоўваюць дзяцей. Яшчэ і хочуць, каб жанчына на бальнічны не хадзіла і працавала па 12 гадзін!!! І нікога не хвалюе, што большасць бабуль і дзядуль працуе, і дзяцей няма каму даглядаць», — напісала яна.
Яшчэ адна беларуска піша, што спісы «дармаедаў» у прынцыпе варта адмяніць, бо праца — гэта права, а не абавязак: калі муж здольны ўтрымліваць жонку, дзяржаве няма сэнсу патрабаваць за гэта даплату. Асобна яна прапанавала ўнесці законапраект, які абавязваў бы мужчын несці роўную адказнасць за ўсіх сваіх дзяцей ад усіх партнёркаў — цяперашніх, былых і ўсіх астатніх.
Яшчэ адна карыстальніца пагадзілася, што цяперашняя сістэма — прыніжэнне для маці: «Гэта прыніжэнне для жанчыны, якая мае дзяцей, ездзіць на камісіі, вазіць даведкі, пісаць тлумачальныя, чаму ты не можаш працаваць. Чаму ў нас лічыцца злачынствам не працаваць і займацца сваім дзіцём, мець магчымасць вазіць яго на гурткі і секцыі не ўвечары, а ўдзень? Чаму з сям’і павінны сыходзіць грошы на аплату павышанай камуналкі, каб аплаціць права жанчыны выхоўваць сваіх дзяцей, хай нават і аднаго?»