Кіеў перадаў Трампу сакрэтны даклад
- 14.08.2026, 21:47
- 1,288
У ім гаворыцца, што ў Расіі няма шанцаў захапіць Данбас.
Украінскі бок у прыватным парадку перадаў адміністрацыі Дональда Трампа ацэнку, згодна з якой Расія не зможа устанавіць кантроль над усёй тэрыторыяй Данецкай вобласці нават да 2027-га года. Пра гэта са спасылкай на дакумент, які апынуўся ў распараджэнні журналістаў, паведамляе Kyiv Independent.
Паводле дакумента, які пасольства Украіны ў Вашынгтоне перадало амерыканскай адміністрацыі, тэмпы прасоўвання расійскіх войскаў запаволіліся да менш як 100 квадратных кіламетраў у месяц. Паколькі Украіна па-ранейшаму ўтрымлівае каля 21–22% тэрыторыі Данецкай вобласці, пры захаванні цяперашніх тэмпаў дасягненне заяўленых Масквой мэтаў можа «патэнцыйна» зрушыцца на перыяд пасля 2027-га года.
Аўтары публікацыі адзначаюць, што перададзеная Кіевам ацэнка павінна падштурхнуць Вашынгтон перагледзець дапушчэнне адносна здольнасці Расіі дасягнуць кантролю над украінскімі тэрыторыямі сілавым шляхам, калі сама Украіна добраахвотна ад іх не адмовіцца.
Неназваны прадстаўнік Белага дома пацвердзіў выданню, што адміністрацыя Трампа сапраўды атрымала гэтую ўкраінскую ацэнку. «Прэзідэнт і яго каманда, як і раней, прыхільныя ідэі працягваць адыгрываць канструктыўную ролю ў спыненні вайны паміж Расіяй і Украінай, і ён застаецца аптымістам адносна таго, што мы ў рэшце рэшт дасягнем мірнага пагаднення», — заявіў ён.
У дакуменце таксама змяшчаецца папярэджанне пра тое, што Крэмль можа паспрабаваць кампенсаваць няўдачы на фронце за кошт узмацнення вербавання кантрактнікаў, а пасля вераснёўскіх выбараў — магчымым абвяшчэннем прымусовай мабілізацыі яшчэ да 500 тысяч чалавек.
Падобны крок можа стаць адказам на высокія страты расійскай арміі: паводле ўкраінскіх даных, прыведзеных у дакуменце, толькі ў ліпені яны склалі каля 42,8 тысячы чалавек.
Асобны раздзел дакумента прысвечаны вынікам украінскай кампаніі далёкіх удараў па тэрыторыі Расіі. Заяўляецца, што атакі на нафтавую інфраструктуру скарацілі нафтаперапрацоўчыя магутнасці краіны-агрэсара больш чым на 30%, а эканамічныя страты ацэньваюцца прыкладна ў 15 мільярдаў долараў. Акрамя таго, паводле даных дакумента, Украіна нанесла ўдары прыблізна па 200 суднах, звязаных з так званым ценявым флотам Расіі ў Чорным і Азоўскім морах.
Пры гэтым у дакуменце таксама ўтрымліваецца папярэджанне амерыканскаму кіраўніцтву пра востры дэфіцыт у Украіны ракет-перахопнікаў для сістэм Patriot.