Галоўчанка ў стылі Пракаповіча паспрабаваў супакоіць беларусаў
8- 18.08.2026, 21:05
- 1,518
Фота: tut.by
Кіраўнік Нацбанка назваў аслабленне беларускага рубля да долара «абсалютна спакойнай сітуацыяй».
Сітуацыя на валютным рынку «абсалютна спакойная». Так пракаментаваў аслабленне беларускага рубля да долара кіраўнік Нацбанка Раман Галоўчанка у эфіры дзяржтэлеканала «Першы інфармацыйны».
— Сітуацыя абсалютна спакойная, рухі курсу ідуць у межах нашых калідораў. Калі казаць пра нязначнае аслабленне беларускага рубля да долара, дык яно звязанае найперш з аслабленнем расійскага рубля адносна долара. У нас курсаўтварэнне ажыццяўляецца па формуле з улікам нашага валютнага кошыка. Адпаведна, мы крыху аслабелі адносна амерыканскай валюты. Але, ізноў-такі, гэта ў межах нашых курсаўых калідораў, — паведаміў Галоўчанка.
Ён дадаў, што ў мінулыя гады ў жніўні насельніцтва (перш за ўсё юрыдычныя асобы) выступала пакупніком валюты, але цяпер «і фізічныя, і юрыдычныя асобы валюту прадаюць», што «таксама аказвае пэўную падтрымку курсу беларускага рубля».
— Таму ўсё спакойна і стабільна, — запэўніў кіраўнік Нацбанка.
Нагадаем, да заканчэння мінулага тыдня абменны курс долара ЗША на беларускім валютным рынку ўшчыльную наблізіўся да псіхалагічнай адзнакі ў 3 рублі.
Адзначым, выказванні Галоўчанкі нагадваюць заявы і «прагнозы» экс-кіраўніка Нацбанка Беларусі Пятра Пракаповіча. У сакавіку 2011 года Пракаповіч заяўляў: «Пакуль я з’яўляюся старшынём праўлення Нацбанка, ніякай разавай аднамомантнай дэвальвацыі ніколі не будзе» (нават на 5%). У рэчаіснасці ўжо ў маі 2011 года беларускі рубель быў аднамомантна дэвальваваны больш як на 56%.