Міністр Іванец выпадкова выдаў праўду пра сітуацыю з адукацыяй у Беларусі
- 19.08.2026, 13:20
- 1,906
Лукашэнкаўскаму чыноўніку варта было б памаўчаць.
Міністр адукацыі Андрэй Іванец напярэдадні 1 верасня даў вялікае інтэрв'ю. Не праграмнае, але вельмі паказальнае. І, падобна, гэта той выпадак, калі чыноўніку лепш было б памаўчаць, каб не нагаварыць лішняга. Разбіраемся, пра што дзяржаўны дзеяч прамоўчаў і як між іншым паказаў рэальную карціну, піша «Салідарнасць».
У свежым інтэрв'ю Іванца Onliner.by што ні думка — тое ўсхваленне існуючай сістэмы адукацыі, што ні сцверджанне — пытанняў становіцца толькі больш. А галоўнае, уражанне пра школы, іх месца ў дзяржаве, задачы педагогаў і ролю самога міністра ствараецца зусім не радаснае.
Напрыклад, міністр заявіў, што не бачыць неабходнасці ў рэпетытарах «ад слова зусім», маўляў, усё гэта толькі спробы ўпіхнуць неўпіхвальны аб'ём ведаў, каб хутка падрыхтаваць школьніка да экзаменаў.
А насамрэч, на яго думку, сучасная школьная праграма настолькі простая, што любы з бацькоў павінен успомніць і растлумачыць прадмет дзіцяці простымі словамі. А «калі тата ці мама не ў стане вырашыць задачу па матэматыцы чацвёртага класа, значыць, у бацькоў нешта пайшло не так».
Адкрыем чыноўніку сакрэт Полішынеля: дзеці ў школах вучацца і пасля чацвёртага класа, задачы і формулы ўскладняюцца, а бацькі могуць і не быць педагогамі. Выбар на карысць рэпетытара, мэты і задачы гэтых заняткаў — цалкам справа канкрэтнай сям'і, а не Мінадукацыі, што б ні здавалася міністру і як бы ні хацелася пазбавіць людзей альтэрнатывы.
Ой, хоць альтэрнатыва ж ёсць — міністр паспяшыў паведаміць, што ў нашай краіне захавалася прыватная адукацыя. Цэлых шэсць прыватных школ і два дзіцячыя сады. Так-так, на ўсю Беларусь.
Пра што чыноўнік сарамліва не ўзгадаў, гаворачы пра прастату школьнай праграмы, — дык гэта пра тое, што ў беларускіх падручніках рэгулярна знаходзяць «ляпы». У тым ліку таму, што ў іх перапісванні ўдзельнічае хто трапіцца — ад Генпракуратуры, якая фармуе «правільны» погляд на гісторыю, да вядомага ўсёй краіне пенсіянера, якому то чарвякі ў курсе біялогіі замінаюць, то падручнік па філасофіі не даспадобы.
Цікава, што Іванец, выпускнік хімфака БДУ, распавёў: ён асабіста чытае і зацвярджае кожны падручнік па любым прадмеце. Пры гэтым падзяліўся каштоўным назіраннем: «Кожны з нас думае, што разбіраецца ў адукацыі, але потым аказваецца, што паняцця пра яе не мае».
Цяжка не пагадзіцца. Дык, можа, варта не перашкаджаць прафесіяналам і не перакладаць на бацькоў функцыі настаўнікаў?
Пры гэтым асаблівая «разыначка» ў тым, што з уласнымі дзецьмі міністр хатняе заданне не робіць. Не міністэрская гэта, так бы мовіць, справа. Аддуваецца жонка (юрыст). І на бацькоўскія сходы ён не ходзіць. І наогул у школу дзяцей водзіць рэдка.
Паза кадрам засталося не зададзенае пытанне пра «дабраахвотныя» зборы на патрэбы класа, але можна меркаваць, што ў школе, дзе вучацца дзеці міністра, іх цудам не збіраюць.
Але калі б толькі гэта. Міністра спыталі пра булінг. Адказ варты таго, каб яго прывесці цалкам:
— У школе існуюць правілы распарадку — калі іх выконваць, то ніякага булінгу там не можа быць апрыёры. Бо найчасцей ён адбываецца ў сацсетках — а калі ў школе нельга карыстацца тэлефонамі, то як ён можа там з'явіцца?
То-бок, паводле меркавання міністра, якая яшчэ такая травля, і пры чым тут школы?
Пакажыце камусьці Іванцу, калі ласка, старыя фільмы кшталту «Чучело» і «Дорогая Елена Сергеевна». Калі ніякіх сацсетак і мабільнікаў і ў паміне не было, а булінг быў. Ці адправце на курсы павышэння кваліфікацыі, дзе растлумачаць, як тым бацькам чацвёракласніка: булінг — не «персанальная адказнасць дырэктара» і не прыватная справа бацькоў, а вялікая, сістэмная праблема. А калі і пасля гэтага не дойдзе — можа, міністэрскае крэсла ўсё ж не яго?
Пра падвышэнне якасці адукацыі міністр кажа размыта: маўляў, працягваем працу. Сёлета «ў пілотным рэжыме» ў 28 школах увядуць паглыбленае вывучэнне прадмета па выбары: матэматыка, фізіка, хімія, біялогія. Не зусім зразумела, чым гэта прынцыпова адрозніваецца ад профільных класаў і факультатываў, якія і так шмат гадоў ёсць у беларускіх школах.
Тое, што чыноўнік паспрабаваў падаць як дасягненне — «перакул піраміды» суадносін платных і бюджэтных месцаў у ВНУ (сёння 65% бюджэтных і 35% платных, у рэгіянальных наагул 80% на 20%), — гэта, вядома ж, не пра жаданне дзяржавы атрымаць як мага больш новых крэпасных работнікаў.
Гэта «адказ на запыты эканомікі». А каму не хапіла інтэлектуальнага патэнцыялу на ўніверсітэт — сардэчна запрашаем у каледжы, на рабочую спецыяльнасць. І да станка. Не ўсім жа быць міністрамі.
Роўна 0 (словамі: нуль) слоў у інтэрв'ю — пра мілітарызацыю адукацыі, пра тактычную медыцыну, якая чамусьці стала неабходнай сучасным школьнікам, пра адкрыта ідэалагічныя інфармацыйныя гадзіны з размовамі пра генацыд і іншыя элементы «патрыятычнага выхавання». Нават пра тэму цяперашняга першага ўрока ў школах з пустой і пафаснай назвай «Веды сёння — сіла і росквіт Беларусі заўтра!».
Затое пытанні арганізацыі харчавання, паводле слоў Іванца, — «прыярытэт нумар нуль», як і для яго патрона, які рэгулярна асабіста інспектуе школьныя сталовыя ў клопаце пра шчаслівае дзяцінства вучняў. Як кажуць, без каментарыяў.