Латвія ўскладніла запіс на візы ў Беларусі
- 20.08.2026, 9:15
Заяўнікаў спачатку будуць уносіць у верыфікаваны спіс чакання.
У візавых цэнтрах Латвіі ў Мінску і Віцебску змянілі сістэму запісу на падачу дакументаў. Цяпер заяўнікаў спачатку будуць уносіць у верыфікаваны спіс чакання, а пасля з’яўлення вольных месцаў прапануюць выбраць час візіту, паведамляе візавы цэнтр VFS Global.
Новая сістэма дзейнічае з 17 жніўня і распаўсюджваецца на ўсе існуючыя катэгорыі заяўнікаў і тыпы віз. Спачатку трэба стварыць і актываваць уліковы запіс VFS Global, выбраць візавы цэнтр, катэгорыю і падкатэгорыю візы. Потым сістэма папросіць загрузіць фатаграфію старонкі дзеючага пашпарта з персанальнымі данымі і прайсці лічбавую верыфікацыю асобы.
Пасля паспяховай праверкі заяўніка аўтаматычна ўнясуць у верыфікаваны спіс чакання. На электронную пошту прыйдуць пацвярджэнне і індывідуальны нумар рэгістрацыі.
Калі кансульства выдзеліць вольныя слоты, VFS Global разашле паведамленні адпаведнай колькасці заяўнікаў. Пасля гэтага ў чалавека будзе 72 гадзіны, каб выбраць дату і час падачы дакументаў. Калі за гэты час запіс не аформіць, даныя выдаляць з чаргі, і давядзецца рэгістравацца нанова. Перанесці ўжо абраны час нельга.
Пры гэтым раней пацверджаныя запісы на 17−31 жніўня застаюцца ў сіле. А тых, хто знаходзіўся ў старым спісе чакання да поўначы 17 жніўня, з яго аўтаматычна выдалілі — ім трэба рэгістравацца ў новай сістэме нанова.
Заўважым, магчымасці атрымаць латвійскую візу для грамадзян Беларусі цяпер істотна абмежаваныя. Прымаюцца заявы на доўгатэрміновыя візы, а на кароткатэрміновыя шэнгенскія — толькі ад асобных катэгорый.
У прыватнасці, гаворка ідзе пра блізкіх сваякоў грамадзян Латвіі і іншых краін ЕС, ЕЭЗ і Швейцарыі, сваякоў беларусаў з правам пражывання ў Латвіі, людзей, якія едуць па гуманітарных падставах, а таксама некаторых работнікаў транспарту і маракоў. Звычайная турыстычная паездка ў гэты пералік не ўваходзіць.