Варварская атака РФ на Кіеў: ужо вядома пра 12 загінулых
5- 20.08.2026, 9:22
- 3,128
У сталіцы Украіны абвясцілі Дзень смутку.
У Кіеве ў выніку масіраванай атакі 20 жніўня загінулі 12 чалавек. Яшчэ 33 жыхары сталіцы Украіны атрымалі раненні.
Пра гэта паведаміў мэр Кіева Віталій Клічко.
Паводле яго слоў, сямёра загінулых — у Саломянскім раёне.

Пашкоджанні зафіксаваныя ў Святошынскім, Саломянскім і Дарніцкім раёнах. У Дарніцкім раёне пашкоджаныя нежылыя і складскія памяшканні, у Святошынскім — памяшканні на тэрыторыі нежылай забудовы і склады.

У Саломянскім раёне разбураныя верхнія паверхі дзевяціпавярховага жылога дома, там таксама ўзнік пажар. Пашкоджаныя вокны ў чатырох жылых дамах.

Акрамя таго, з-за падзення абломкаў загарэўся чатырохпавярховы будынак. Пашкоджаныя школа і будынак дзіцячай бальніцы, выбітыя вокны, на тэрыторыі медыцынскай установы гарэлі аўтамабілі.

На месцах працягваецца ліквідацыя наступстваў атакі. Па стане на 8:00 у Кіеве таксама працягвалася паветраная трывога.

Акрамя таго, Віталій Клічко паведаміў, што 21 жніўня ў сталіцы абвешчаны Дзень смутку па загінулых у выніку масіраванай атакі. У гэты дзень у горадзе будуць забаронены забаўляльныя мерапрыемствы, а на будынках камунальных службаў будуць прыспушчаныя сцягі.

Ён таксама адзначыў, што работы па ліквідацыі наступстваў атакі ў Саломянскім, Святошынскім і Дарніцкім раёнах працягваюцца.
