Зяленскі ўзнагародзіў акцёра, які сыграў беларускага партызана
1- 27.08.2026, 10:37
- 1,798
Ён актыўна падтрымлівае Украіну.
21 жніўня ў Кіеве адбыўся трэці саміт дзяржаўнай фандрайзінгавай платформы UNITED24 – UNITED24 MODE, прымеркаваны да чацвёртай гадавіны яе стварэння. Уладзімір Зяленскі падзякаваў дараўцам за падтрымку Украіны. Пры гэтым шасцярых ён узнагародзіў ордэнам «За заслугі». Сярод іх актрыса Кэтрын Віннік і яе калега Ліў Шрайбер.
Ліў Шрайбер вядомы па ролях у серыяле «Рэй Донован» (галоўная роля), фільмах «Людзі Ікс: Пачатак. Расамаха» (Шаблезубы), у франшызе «Крык» (Котан Уіры), «Спотлайт», «Дзённік памяці».
Шрайбер таксама вядомы па ролі партызана Зусі Бельскага, атрад якога дзейнічаў у Беларусі, у фільме «Выклік». Яго экранным братам быў Дэніэл Крэйг.

Ліў Шрайбер актыўна падтрымлівае Украіну: у яго ўкраінскія карані (яго прадзед эміграваў з Украіны), пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ён неаднаразова публічна выказваўся ў падтрымку ўкраінскага народа, наведваў Украіну, а таксама стаў сузаснавальнікам дабрачыннай арганізацыі BlueCheck Ukraine, якая займаецца дастаўкай гуманітарнай дапамогі ў зоны баявых дзеянняў.