«Магу палепшыць жыццё аднаго чалавека»
1- 27.08.2026, 11:11
Беларуска распавяла, як стала прыёмнай маці.
Пасля пратэстаў 2020 года і пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне Вольга ўсё мацней адчувала ўласнае бяссілле перад тым, што адбываецца вакол. Тады яна вырашыла зрабіць тое, на што сапраўды магла паўплываць: на пачатку 2023 года ў Беларусі ўзяла пад апеку сямігадовага Андрэя, які страціў зрок пасля цяжкай хваробы.
Чаму яна адважылася на такі крок, што было далей і чаму цяпер заклікае іншых беларусаў задумацца пра апеку і ўсынаўленне, Вольга распавяла «Белсату».
«Я магу зрабіць нешта добрае хоць бы для аднаго чалавека»
Упершыню з сіроцтвам Вольга (імя зменена ў мэтах бяспекі) сутыкнулася яшчэ ў маладым узросце. Калі па вучобе яна трапіла ў дзіцячую бальніцу, убачыла там дзяцей, якіх забралі з сем'яў і якія чакалі абследавання ў ізалятарах без блізкага чалавека.
Асабліва ёй запомнілася, як такія дзеці рэагавалі на агляды. Калі дзеці, што ляжалі разам з бацькамі, плакалі і пратэставалі, то тыя, хто застаўся без сям'і, часта цішэлі і нават усміхаліся падчас непрыемных працэдур.
«Яны радаваліся кожнай кроплі ўвагі, нават калі ім было страшна або некамфортна. Яны былі гатовыя церпець гэта дзеля любой увагі. А потым лекары сыходзілі, і яны зноў заставаліся адны», — успамінае Вольга.
Тады яна ўпершыню падумала, што хацела б дапамагчы такому дзіцяці, але была дваццацігадовай студэнткай без неабходных рэсурсаў.
Праз гады адчуванне беспаможнасці вярнулася ўжо з іншай прычыны. Пасля выбараў 2020 года Вольга ўдзельнічала ў пратэстах. Масавыя затрыманні і гвалт, а пазней поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну выклікалі ў яе пачуццё, што яна бачыць вялікае зло, але не можа яго спыніць.
«Некалькі месяцаў я была ў стане беспаможнасці і жадання хоць нешта зрабіць. І, напэўна, рашэнне ўзяць дзіця стала для мяне спосабам перайсці да дзеяння», — распавяла Вольга.
«Не магу вызваліць палітвязняў, не магу забраць нікога з-за плота. Але ёсць іншы плот, з-за якога я магу кагосьці забраць і прывесці дадому. Я магу зрабіць нешта добрае хоць бы для аднаго чалавека», — тлумачыць яна.
«Дзіця з інваліднасцю спецыяльна не шукала»
Вольга шукала дзіця старэйшага ўзросту, каб мець магчымасць сумяшчаць працу і выхаванне. Праглядаючы анкеты дзяцей, якія чакалі сям'ю, яна ўбачыла сямігадовага Андрэя (імя зменена ў мэтах бяспекі). Хлопчык нарадзіўся відушчым, але пасля цяжкай хваробы страціў зрок.
«Я не шукала менавіта дзіця з інваліднасцю. Проста мне спадабаўся канкрэтны хлопчык, і ён апынуўся невідушчым», — распавяла Вольга.
Да асабістай сустрэчы з Андрэем Вольга ўжо амаль прыняла рашэнне. Яна купіла мэблю і падрыхтавала для яго месца дома, хоць яшчэ не атрымала накіравання на знаёмства і не ведала ўсіх падрабязнасцяў пра яго здароўе. Калі сустрэча, нарэшце, адбылася, сумневы зніклі.
Ад першага звароту ў аддзел адукацыі да дня, калі яна прывяла хлопчыка дадому, мінула каля пяці месяцаў. «Хутчэй, чым цяжарнасць», — жартуе яна.
Вользе трэба было прадставіць звесткі пра даходы, даведку аб адсутнасці судзімасці, прайсці псіхалагічнае даследаванне і агляд жыллёвых умоў. У чыноўнікаў узнікалі пытанні і з-за таго, што яна была адна і хацела ўзяць дзіця з інваліднасцю. Асабліва запомнілася гісторыя з актам абследавання жылля. Паколькі ў дакуменце не было асобнай фразы пра тое, што там можа жыць дзіця з інваліднасцю, супрацоўніца, паводле слоў Вольгі, перапісвала яго 14 разоў.
«У сістэме ёсць розныя людзі. Ёсць тыя, хто думае: абы чаго не выйшла. А ёсць людзі, якія гатовыя зрабіць горы папяровай работы, толькі б гэтае дзіця апынулася дома», — сказала Вольга.
«Маці не адмовілася. Яна не справілася»
Сябры Вольгі ў асноўным падтрымалі яе рашэнне, бацька паставіўся да яго спакойна, хоць і здзівіўся. Значна складаней было з маці. Яна баялася, што дачка «псуе сабе жыццё», і нават спрабавала размаўляць з прадстаўнікамі органаў апекі, каб Вользе не перадалі дзіця. Некалькі месяцаў маці і дачка амаль не размаўлялі.
Пазней адносіны наладзіліся. Маці Вольгі папрасіла прабачэння, пачала кантактаваць з Андрэем, цяпер хлопчык называе яе бабуляй.
Сам Андрэй пачаў называць Вольгу мамай прыкладна праз год.
Яна параўноўвае адаптацыю прыёмнага дзіцяці з эміграцыяй: чалавек трапляе ў новы свет, не ведае яго правілаў і павінен паступова «прырасці» да новага жыцця.
Вольга з самага пачатку не хацела, каб новае жыццё Андрэя азначала разрыў з усім, што было да яго. Пасля таго як хлопчык пераехаў да яе, яна дала яму магчымасць звязацца з роднай маці, бабуляй і сёстрамі. Пакуль яны жылі ў Беларусі і гэта было магчымым, Андрэй сустракаўся з імі, а цяпер падтрымлівае сувязь на адлегласці.
Вольга кажа, што для прыёмнага дзіцяці важна не толькі набыць новую сям'ю, але і не страціць сваю гісторыю.
«Дрэва павінна мець карані. Мы перасаджваем дрэва ў новую глебу, але не трэба абтрасаць з караняў усю зямлю. Нельга адмаўляць мінулае чалавека, яго ідэнтычнасць і тых, ад каго ён нарадзіўся», — патлумачыла Вольга.
Зноў прытулак
Праз некалькі гадоў палітычныя рэпрэсіі закранулі ўжо іх сям'ю. Супраць Вольгі ўзбудзілі крымінальную справу за ўдзел у пратэстах, яе затрымалі. Андрэй на дзве тыдні зноў трапіў у прытулак.
Вольга разумела: калі атрымае судзімасць, то можа страціць права быць апякуном. Па яе словах, дзве тыдні ў прытулку сталі для Андрэя паўторнай траўмай. Хлопчыка не водзілі ў школу, з яго кпілі іншыя дзеці, а выхавальнікі, як сцвярджае Вольга, не надавалі гэтаму належнай увагі.
«Гэта была ретраўматызацыя. Ён ужо быў траўмаваны тым, што страціў першую сям'ю, хваробамі, рэанімацыямі. Пасля прытулку ягоны стан пагоршыўся. Цяпер ужо больш стабільна, але гэта быў вельмі цяжкі час для нас абодвух», — распавяла Вольга.
Пасля гэтага Вольга і Андрэй выехалі з Беларусі.
Пераезд азначаў новую школу і новую мову, якую Андрэю трэба было асвойваць яшчэ і праз шрыфт Брайля. Спачатку гэта было вельмі цяжка, але цяпер, кажа Вольга, іх жыццё стабілізавалася. Краіну, у якой яны знаходзяцца, яна не называе з меркаванняў бяспекі. Адзначае толькі, што там Андрэю даступны значна шырэйшы пералік тэхнічных сродкаў рэабілітацыі: ноўтбук, праграмнае забеспячэнне з сінтэзатарам маўлення, брайлевы дысплей.
У будучыні Вольга хацела б, каб сын мог вучыцца ў звычайнай школе. «У невідушчага дзіцяці, як і ў дзіцяці з іншай формай інваліднасці, павінен быць выбар: вучыцца ў спецыяльных умовах або ў агульнаадукацыйнай школе», — лічыць яна. У ідэале Вольга бачыць спецыяльную школу не абавязкова як ізаляванае месца навучання, а як рэсурсны цэнтр: дзе дзіця можа сустракацца з іншымі людзьмі з парушэннямі зроку, а спецыялісты — дапамагаць настаўнікам звычайных школ.
Чаму дзеці ўсё яшчэ застаюцца ў сістэме
Паводле Вольгі, у Беларусі ўжо шмат гадоў дэкларуецца курс на дэінстытуцыяналізацыю: колькасць дзіцячых дамоў скарачалася, развіваліся дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Яна кажа, што быў перыяд, калі прытулкі істотна апусцелі, бо дзяцей удавалася ўладкоўваць у сем'і.
Аднак цяпер, лічыць Вольга, сістэма буксуе. Сярод прычын — недахоп людзей, гатовых працаваць бацькамі-выхавальнікамі ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу. Такая праца фактычна не заканчваецца ні ўвечары, ні ў выхадныя, а мяжа паміж прафесійным і асабістым жыццём амаль знікае.
Найцяжэй знайсці сем'і для падлеткаў і дзяцей з інваліднасцю. Чым старэйшае дзіця, тым больш у яго ўжо ўласнага досведу, звычак і ўяўленняў пра жыццё. Дзеці з інваліднасцю часта патрабуюць дадатковай рэабілітацыі, часу, фінансавых і эмацыйных рэсурсаў.
«Я не кажу, што кожны і кожная павінны гэта зрабіць. Але магчымасць ёсць у многіх. Калі ў мяне атрымалася, значыць, і ў кагосьці іншага можа атрымацца», — кажа Вольга.
Калі сям'ю знайсці не ўдаецца, дзіця з інваліднасцю можа трапіць у дзіцячы дом-інтэрнат, а пасля паўналецця — у інтэрнат для дарослых. Пры гэтым, падкрэслівае яна, многія з такіх дзяцей маглі б жыць значна больш самастойна, калі б своечасова трапілі ў сям'ю і атрымалі неабходную падтрымку.
Для Вольгі гэта адна з галоўных прычын публічна гаварыць пра ўсынаўленне і апеку. Яна бачыць праблему не толькі ў тым, што дзіця пазбаўлена бацькоў, але і ў тым, што ўстанова можа стаць першым звяном у цэлым ланцугу закрытых устаноў.
«Нават вельмі добры дзіцячы дом траўмуе дзіця. Проста таму, што там няма сям'і і ёсць гэтая несвабода», — сказала яна.
У сям'і таксама ёсць распарадак і правілы, але дзіця можа хоць часткова ўплываць на ўласнае жыццё: папрасіць дазволу пайсці пагуляць, выбраць занятак, мець свае рэчы і час. Ва ўстанове, кажа Вольга, такіх магчымасцяў значна менш.
Вольга дагэтуль часам заходзіць у базу дзяцей, якія шукаюць сям'ю, і бачыць там тых, хто жыў разам з Андрэем. Ідуць гады, яны становяцца падлеткамі, а потым амаль дарослымі, але застаюцца ў сістэме. Асабліва ёй запомнілася дзяўчынка з інваліднасцю, якую яна ўпершыню ўбачыла маленькай, а праз некалькі гадоў — ужо амаль дарослай. «Ты бачыш чалавека з зусім патухлым позіркам, які ўжо ні на што не спадзяецца. Далей адзін інтэрнат, другі інтэрнат — і ўсё жыццё», — распавяла Вольга.
Менавіта таму Вольга заклікае беларусаў хаця б задумацца пра апеку або ўсынаўленне. Яна падкрэслівае: гэта не абавязак кожнага, і чалавек мае права разумець, што цяпер у яго няма неабходных для гэтага рэсурсаў. Тым, хто ўсё ж разглядае такую магчымасць, Вольга раіць збіраць інфармацыю, праходзіць падрыхтоўку, шукаць іншых прыёмных бацькоў і дапамогу спецыялістаў.
«Ёсць такая прыказка: «Каб выгадаваць дзіця, патрэбная цэлая вёска». Вось тут сапраўды патрэбная цэлая вёска. Ніколі не трэба пакідаць сям'ю сам-насам са сваімі цяжкасцямі», — сказала яна.
Адаптацыя, папярэджвае Вольга, можа цягнуцца месяцы і нават гады. Дзіця, якое прайшло праз сіроцкую сістэму, прыходзіць у новую сям'ю ўжо са сваім досведам, страхамі і спосабамі абараняцца. Таму падтрымка патрэбна не толькі дзіцяці, але і дарослым.
Сама Вольга не лічыць сябе чалавекам з выключнымі магчымасцямі. «Я адна, без мужа, у мяне не вельмі высокія даходы, не вельмі моцнае здароўе і не вельмі моцная нервовая сістэма. Але я ж змагла. Значыць, яшчэ нехта таксама зможа», — кажа яна.
Для Вольгі гэта не гісторыя пра гераізм і не спроба выратаваць усіх. «Гэта не спыніць вайну і не зваліць сістэму. Але мы можам проста палепшыць жыццё аднаго чалавека», — падсумоўвае яна.