Завершана расследаванне рэзананснай справы ліфтавага маньяка з 90-х
2- 4.08.2026, 8:40
- 3,856
Абвінавачаны прызнаў віну.
Следчы камітэт Беларусі завяршыў расследаванне крымінальнай справы мужчыны, якога звязваюць з серыяй нападаў на дзяўчат і жанчын у канцы 1990-х гадоў. Следчыя ўстанавілі абставіны дзевяці забойстваў і двух замахаў на забойства.
Злачынствы здзяйсняліся з 1996 па 1999 год у Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай абласцях. Матэрыялы справы перадалі пракурору для накіравання ў суд.
Паводле звестак СК, абвінавачаны высачваў дзяўчынак-падлеткаў і маладых жанчын каля шматпавярховых дамоў. Напады адбываліся ў ліфтах, на лесвічных пляцоўках і дахах.
Следства кваліфікавала злачынствы як забойствы, спалучаныя са згвалтаваннем, у тым ліку здзейсненыя з асаблівай жорсткасцю.
Справы 1990-х вывучылі нанова
Для раскрыцця серыі следчыя і аператыўнікі паўторна вывучылі матэрыялы крымінальных спраў канца 1990-х і пачатку 2000-х гадоў.
Спецыялісты параўналі пратаколы аглядаў месцаў падзей, вынікі экспертыз і захаваныя рэчавыя доказы. Пацярпелых, сваякоў загінулых і сведкаў зноў дапыталі.
З удзелам абвінавачанага правялі праверкі паказанняў на месцах. Атрыманые даныя параўналі з матэрыяламі першапачатковых аглядаў і высновамі судовых экспертаў.
Геном аднавілі паводле біялагічных слядоў
Адзін з ключавых этапаў — генетычнае даследаванне. Мужчыну ўключылі ў кола асоб, у якіх неабходна было адабраць біялагічны матэрыял для параўнання.
Паводле інфармацыі СК, з дапамогай сучасных методык эксперты змаглі аднавіць поўны геном меркаванага серыйнага злачынцы па фрагментах біялагічных слядоў, сабраных на месцах нападаў.
Пасля прэс-канферэнцыі СК і МУС у кастрычніку 2025 года ў праваахоўныя органы звярнуліся яшчэ 16 жанчын. Іх заявы праверылі, асобныя эпізоды следства кваліфікавала як хуліганства.
Абвінавачаны прызнаў віну
На допыце мужчына прызнаў віну ў поўным аб'ёме. Паводле яго слоў, ён выходзіў з дому з ужо сфармаваным намерам учыніць злачынства.
Следчым ён таксама заявіў, што спыніў напады праз страх быць выкрытым і затрыманым.
Канчатковую ацэнку сабраным доказам дасць суд.
Раскрыццё злачынстваў мінулых гадоў стала магчымым пасля паўторнага аналізу крымінальных спраў і прымянення новых метадаў генетычнай экспертызы. Серыя нападаў атрымала неафіцыйную назву справы «ліфцёра», паколькі частка злачынстваў адбывалася ў ліфтах і пад'ездах жылых дамоў.