Паніка ў Расіі: афіцэрам прадпісана адрасьці бараду і адмовіцца ад аўто
17- 4.08.2026, 8:50
- 11,914
Апублікаваны сакрэтны дакумент.
Міністэрства абароны Расіі распаўсюдзіла сярод ваеннаслужачых і грамадзянскага персаналу інструкцыю з рэкамендацыямі, як дзейнічаць пры пагрозе замаху. Дакумент, апублікаваны палітолагам Кацярынай Шульман, рэкамендуе адмовіцца ад звыклага ладу жыцця, змяніць знешнасць, перамяшчацца непрадказальнымі маршрутамі, пазбягаць грамадскіх месцаў і адмовіцца ад выкарыстання асабістага аўтамабіля, паведамляе The Insider.
Шульман паведаміла, што інструкцыя распаўсюджваецца ў шпіталях Мінабароны. Паводле яе слоў, дакумент асабліва кантрастуе з нядаўнімі выпадкамі, калі высокапастаўленыя расійскія вайскоўцы наведвалі публічныя мерапрыемствы, нягледзячы на пагрозу атак.
Дакумент мае назву «Тыпавы інструктаж ваеннаслужачаму (грамадзянскаму персаналу) і членам яго сям’і па дзеяннях пры паступленні звестак аб падрыхтоўцы замаху». У ім гаворыцца, што рэкамендацыі заснаваныя на досведзе органаў бяспекі і прызначаныя для супрацоўнікаў Мінабароны і Расгвардыі, якія атрымалі інфармацыю аб пагрозе фізічнай расправы «з боку спецслужбаў Украіны».
Аўтары інструкцыі сцвярджаюць, што ўкраінскія спецслужбы атрымліваюць персанальныя даныя ваеннаслужачых і членаў іх сем’яў з адкрытых крыніц, сацыяльных сетак і мэсэнджараў, пасля чаго вывучаюць распарадак дня, маршруты перамяшчэння і месца жыхарства патэнцыйнай мэты, а потым выбіраюць спосаб нападу.
У сувязі з гэтым ваеннаслужачым рэкамендуецца:
адмовіцца ад публікацыі персанальнай інфармацыі ў сацыяльных сетках і выдаліць звесткі, якія дазваляюць вызначыць месца жыхарства і ведамасную прыналежнасць;
змяніць нумары мабільных тэлефонаў і самі тэлефонныя апараты, адказваць толькі на званкі з вядомых нумароў;
змяніць звыклы лад жыцця і нават знешнасць — напрыклад, насіць акуляры, адрасьці бараду, змяніць прычоску і стыль адзення;
рэгулярна змяняць маршруты перамяшчэння, пазбягаць паўтаральных штодзённых дзеянняў і адмовіцца ад прыкладанняў, што фіксуюць геалакацыю, уключна з фітнес-трэкерамі і смарт-гадзіннікамі;
праяўляць асцярожнасць пры сустрэчы з людзьмі, якія неаднаразова з’яўляюцца на маршруце руху, а таксама пры спробах незнаёмцаў фатаграфаваць чалавека або аўтамабіль.
Асобны раздзел прысвечаны аўтамабілям. Ваенным раяць па магчымасці адмовіцца ад выкарыстання асабістага транспарту, трымаць машыну далей ад дома пад камерамі відэаназірання, а перад кожнай паездкай аглядаць аўтамабіль на прадмет магчымага замініравання. У інструкцыі пералічваюцца верагодныя месцы ўстаноўкі выбуховых прылад — пад днішчам, у калёсных арках, побач з аўтамабілем, а таксама магчымыя спосабы падрыву: пры запуску рухавіка, адкрыцці дзвярэй, паводле таймера або дыстанцыйна.
У дакуменце таксама раяць адмовіцца ад выкарыстання службаў дастаўкі і не прымаць пасылкі ад невядомых адпраўнікоў, пазбягаць паездак у ліфце з незнаёмымі людзьмі, умацаваць уваходныя дзверы, абсталяваць іх вочкам, ланцужком і засаўкай, а жыхарам першых паверхаў — усталяваць на вокны краты або ахоўную плёнку.
Акрамя таго, ваеннаслужачым раяць набыць сродкі самаабароны — газавыя балончыкі, электрашокеры або зброю абмежаванага паражэння — і загадзя адпрацоўваць дзеянні на выпадак нападу.
У завяршэнне інструкцыі прапануецца пазнаёміць з гэтымі рэкамендацыямі членаў сям’і, праводзіць з імі «сітуацыйныя заняткі» і загадзя вызначыць парадак сувязі з супрацоўнікамі органаў бяспекі для перадачы інфармацыі ў надзвычайных выпадках.