Жыхарка Брэста з дапамогай почырказнаўчай экспертызы даказала, што працадаўца ёй недаплаціў
2- 5.08.2026, 14:35
Вынікі аналізу дапамаглі выйграць справу.
Жыхарка Брэста праз суд дамаглася выплаты грошай, якія, паводле яе слоў, не атрымала пры звальненні. Вырашальную ролю ў справе адыграла почырказнаўчая экспертыза, паведамілі у Дзяржаўным камітэце судовых экспертыз Беларусі.
Пасля звальнення жанчына атрымала толькі частку належных выплат. Пры гэтым былы працадаўца сцвярджаў, што цалкам разлічыўся з супрацоўніцай, і ў якасці доказу прадставіў плацежную ведамасць з яе подпісам.
Аднак жыхарка Брэста заявіла, што астатнія грошы ёй не выплачвалі, а подпіс у дакуменце ёй не належыць.
Для праверкі дакумента была прызначана почырказнаўчая экспертыза. Спецыялісты Брэсцкага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз устанавілі, што подпіс у ведамасці выканала не былая супрацоўніца, а іншы чалавек, які імітаваў яе почырк.
Заключэнне экспертаў стала ключавым доказам у судзе. У выніку пазоў жанчыны задаволілі, а працадаўцу абавязалі выплаціць ёй усю належную суму.