Архітэктар і сузаснавальнік бюро Zrobim Architects Андрэй Макоўскі выйшаў з СІЗА
3- 5.08.2026, 18:25
- 1,688
Ён апублікаваў відэа, на якім спальвае турэмную торбу з рэчамі.
Архітэктар і сузаснавальнік бюро Zrobim architects Андрэй Макоўскі выйшаў з СІЗА. Ён апублікаваў відэа, на якім спальвае турэмную торбу з рэчамі.
«Ёсць традыцыя: калі здабываеш свабоду, спальваць рэчы, у якіх ты там быў. Усім прывітанне, я ўдома», — напісаў Андрэй Макоўскі, вядомы таксама пад псеўданімам Андрусь Bezdar.
Пераслед кіраўніцтва і супрацоўнікаў ZROBIM architects пачаўся ў красавіку 2026 года . Тады сілавікі затрымалі каля 50 чалавек, а само папулярнае архітэктурнае бюро абвінавацілі ў атрыманні «неўлічанага прыбытку» на суму 6 мільёнаў долараў і ў выплаце заробкаў у канвертах. Агульную шкоду бюджэту ацанілі больш чым у 5 мільёнаў рублёў.
Сам Андрэй Макоўскі застаўся пад вартай. Пазней у яго акаўнце з'явілася паведамленне «Прывітанне з СІЗА! Плаціце падаткі поўнасцю, хлопцы».
У чэрвені 2026 года ў яго сацсетках з'явілася аб'ява аб продажы недабудаванай вілы на тайландскім востраве Пхукет у элітным комплексе Botanica Pru Jampa, а ў ліпені — ўчастка пад турыстычны комплекс на беразе Вілейкі.