Верталёт з Трампам ледзь не сутыкнуўся з самалётам над Вашынгтонам
4- 6.08.2026, 7:49
- 2,980
З-за праблем са сувяззю.
У аўторак вайсковы верталёт з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам наблізіўся на адлегласць менш як 1,5 км да пасажырскага самалёта над Вашынгтонам. Прычынай інцыдэнту стала праблема са сувяззю.
Пра гэта паведамляе The New York Times.
Як піша выданне, інцыдэнт адбыўся неўзабаве пасля 14:30 4 жніўня, калі Трамп ляцеў з Белага дома на аб'яднаную вайсковую базу Эндрус. Гэта быў першы этап запланаванай паездкі ў Лос-Анджэлес.
Згодна з аўдыязапісамі, перад узлётам экіпаж верталёта Marine One (на борце якога быў прэзідэнт ЗША) тройчы спрабаваў папярэдзіць дыспетчараў у дыспетчарскай вежы Нацыянальнага аэрапорта пра тое, што да ўзлёту засталося тры хвіліны.
Відаць, дыспетчар не пачуў гэтыя паведамленні, а верталёт працягнуў рух. Гэта прывяло да таго, што Marine One апынуўся на траекторыі палёту пасажырскага самалёта Envoy Air.
Дзве крыніцы, знаёмыя з папярэднімі высновамі Федэральнага ўпраўлення грамадзянскай авіяцыі, сказалі, што ў кропцы максімальнага збліжэння верталёт знаходзіўся ад самалёта на адлегласці 0,8 мілы па гарызанталі і 700 футаў па вертыкалі (разам менш за 1,5 км).
Тым часам The Guardian піша, што Федэральнае ўпраўленне грамадзянскай авіяцыі ЗША расследуе інцыдэнт.