Беспілотнікі атакавалі склад Wildberries у Екацярынбургу
1- 7.08.2026, 8:08
- 3,318
Аэрапорт горада ўвёў абмежаванні на прыём і адпраўку самалётаў.
Беспілотнікі атакавалі лагістычны комплекс Wildberries у Екацярынбургу — горад знаходзіцца на адлегласці больш як 1700 кіламетраў ад мяжы з Украінай.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на ASTRA і маніторынгавыя каналы.
Паводле сведак, да месца траплення з'яжджаюцца пажарныя машыны і паліцэйскія экіпажы. Паведамляецца пра пажар у першым блоку склада.
Яшчэ да атакі Расавіяцыя ўвяла часовыя абмежаванні на прыём і адпраўку самалётаў у аэрапорце Кальцова ў Екацярынбургу. Губернатар Свярдлоўскай вобласці Дзяніс Паслер абвясціў у рэгіёне рэжым пагрозы беспілотнікаў.
Wildberries пацвердзілі атаку, заяўляючы, што на аб'екце нібыта загадзя правялі эвакуацыю.
«На лагістычным аб'екце кампаніі ў Екацярынбургу Свярдлоўскай вобласці працуюць пажарныя разлікі, з-за атакі ўзнікла загаранне. На аб'екце была праведзена загадзя эвакуацыя. Прыём бягучых паставак часова абмежаваны, іх перанакіравалі на іншыя аб'екты», — заявілі ў кампаніі.
Наступствы удараў па Wildberries ужо адчуваюцца на розных узроўнях эканомікі Расіі. Паводле ацэнак, рамонт кампаніі можа абысціся Расіі ў чвэрць гадавога дэфіцыту бюджэту — з-за адтоку прадаўцоў абарот маркетплэйса ўжо скараціўся на чвэрць.
Паводле дадзеных Forbes, ЗСУ ўжо знішчылі прынамсі 17% складскіх памяшканняў Wildberries, на працягу апошніх двух тыдняў Сілы абароны амаль штодня атакуюць аб'екты кампаніі.