Новае аблічча вайны
1- Аляксандр Каваленка
- 7.08.2026, 9:17
Як Украіна выкарыстоўвае баявых робатаў і змяняе будучыню.
Дэсант дронаў? Ці магчыма, што Украіна створыць новае аблічча вайны на полі бою?
Для неабазнанага чытача стала адкрыццём тое, што украінскі цяжкі дрон «Вампір» дастаў у тыл праціўніка наземны рабатызаваны комплекс ARK-1, які пасля расстраляў пазіцыю праціўніка.
Мы ўжо неаднаразова былі сведкамі таго, як украінскія НРК ажыццяўлялі агнявы кантроль участка фронту, адстрэльваючы праціўніка ў рэжыме нон-стоп, або як бралі ў палон акупантаў, што апынуліся ў пастцы, створанай наземнымі і паветранымі сродкамі, і бачылі, як зраўноўваецца з зямлёй пазіцыя праціўніка ў занятым пакінутым доме.
Нядаўна мы нават бачылі, як шляхам дэсантвання НРК на Кінбурнскую касу агнём была падаўлена пазіцыя РОВ. Але паветраны дэсант — гэта насамрэч тое, што ўпершыню афіцыйна, на ўзроўні СМІ, было паказана і што можа чакаць праціўніка ў найбліжэйшай перспектыве.
Варта адзначыць, што перадавым у пытаннях прымянення беспілотных сістэм у складзе СОУ на сёння з’яўляецца 3-і Армейскі корпус, які не толькі маштабаваў выкарыстанне дронаў і НРК, але і інтэграваў іх у агульную сістэму кіравання і планавання аперацый як неад’емную частку.
На момант прыняцця пад сваю адказнасць паласы ў 160 км 3-і АК змог у найкарацейшыя тэрміны стабілізаваць сітуацыю на ўчастку, дзе раней штомесяц страчвалася да 60 км², а з канца вясны — пачатку лета 2026 увогуле перайсці ў рэжым сістэмных контратак, што таксама стала вынікам высокаэфектыўнага прымянення як падрыхтаванага асабовага складу, нетрывіяльных тактычных рашэнняў, так і тэхналагічнага складніка.
Падчас нашумелага інтэрв’ю Лоры Лумер камандуючы 3-м АК генерал Андрэй Білецкі адзначыў: «Мы — найбольшы корпус на планеце паводле выкарыстання беспілотных сістэм, як наземных, так і паветраных. Але трэба ясна разумець, што ў любым выпадку эфектыўнасць залежыць не ад колькасці пілотаў або колькасці дронаў, а перш за ўсё ад сістэмы кіравання і сістэмы планавання».
Уявіць сабе настолькі глыбокую інтэграцыю дронаў у працэс выканання баявых задач украінскімі падраздзяленнямі і фарміраваннямі яшчэ два–тры гады таму было немагчыма. Дык каго тады здзівіць, калі праз пэўны час мы з вамі ўбачым кадры таго, як у тыл праціўніка дэсантуецца ўзвод НРК і пры падтрымцы паветранага складніка, што складаецца з разведвальных дронаў, дронаў-бамбардзіроўшчыкаў і FPV-дронаў-камікадзэ, ачышчаецца ўчастак без страт у асабовым складзе?
Тым больш, што пытанне страт асабовага складу для кожнага падраздзялення і для кожнага камандзіра павінна стаць не пустаслоўным, а крытычна важным… Тэхналагічны складнік, дроны і НРК у гэтым пытанні з’яўляюцца крокам наперад, дазваляючы ў цэлым скараціць страты асабовага складу ў цяперашніх умовах мінімум на 30%, а ў будучыні гэты паказчык можа выйсці на ўзровень 50%.
Але гэта будзе датычыць толькі тых падраздзяленняў і фарміраванняў, дзе насамрэч глыбока і ўсеахопна разглядаецца інтэграцыя тэхналагічнага складніка і, відавочна, не поўнай, але таксама немалаважнай частковай замены асабовага складу.
Ці створыць Украіна новае аблічча вайны на полі бою? Адказ ужо відавочны — так. Адзінае — гэта пытанне паўсюднага прымянення, маштабавання ўнікальнага досведу ўнутры СОУ, а таксама эвалюцыі і ўдасканалення без якіх-небудзь перашкод.
Аляксандр Каваленка, «Фэйсбук»