Лукашэнка: У Беларусі не хапае камуністычнай сістэмы кіравання
12- 7.08.2026, 17:09
- 2,378
Дыктатар, які жыве мінулым, у гэтым «цвёрда перакананы».
У Беларусі не хапае той сістэмы кіравання, якая была ў савецкія часы. Такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка падчас працоўнай паездкі ў Вілейскі раён, піша БелТА.
«Не магу пахваліцца, што партыя (Камуністычная партыя) адыграла вырашальную ролю ў маім жыцці. Усяго хапала. Але павінен сказаць — непапулярна, можа быць, прагучыць для кагосьці з вас, асабліва для нашай моладзі, — вось якраз сёння не стае той сістэмы кіравання, якая калісьці была», — заявіў Лукашэнка.
«Таму гэта і задача, і настальгія. Маё цвёрдае перакананне, што нам не хапае той сістэмы кіравання», — дадаў ён.
«Я больш за ўсё гэта адчуваю. І той, хто хварэе за дзяржаву, гэта адчувае. Гэта мае адчуванні не сённяшняга і не ўчарашняга дня, — сказаў узурпатар. — Папрацаваўшы ўжо вельмі доўга «прэзідэнтам», я як ніхто іншы адчуваю, што не стае вось гэтай сістэмы кіравання дзяржавай. Не хапае сур'ёзнай кадравай працы. Як бы я ні спрабаваў выбудаваць вертыкаль кіравання і іншае (гэта ўсё ж такі было і цяпер ёсць выратаваннем для краіны), але структуры не хапае», — адзначыў дыктатар.
«Прапаную вам над гэтым падумаць, — звярнуўся ён да ўдзельнікаў нарады. — Ведаю, што вам не хочацца. Навошта вам гэтыя партыйныя органы, якія будуць займацца кадрамі, і партбюро, куды трэба хадзіць… Вы ж ужо аднаасобна кіруеце. Але з дзяржаўнага пункта гледжання — сістэму давядзецца выбудоўваць, даналаджваць», — заключыў Лукашэнка.