«Катастрафічна не стае вашай крамы»: пад Мінскам патролілі Лукашэнку?
- 9.08.2026, 10:28
- 2,010
У Ракаве знайшлі памяшканне і паклікалі туды «Еўраопт».
Жыхарка аграгарадка Ракаў пад Мінскам паскардзілася на недахоп харчовых крам і паклікала туды «Еўраопт». Паводле яе слоў, ад ускраіны населенага пункта да адзінай буйной крамы даводзіцца ісці не менш за 20 хвілін. Гандлёвая сетка на зварот адказала — кампанія гатовая разглядаць прапановы, аднак лёс пустуючага памяшкання, дзе жанчына прапануе адкрыць краму, вырашаюць мясцовыя ўлады, паведамляе «Зеркало».
Допіс са зваротам да «Еўраопта» з’явіўся ў Threads. Яго аўтарка распавяла, што ў Ракаве жыве каля 2,5 тысячы чалавек, а па пакупкі туды прыязджаюць і жыхары навакольных вёсак.
«Еўраопт», вы нам патрэбныя! У а/г Ракаў (30 км ад Мінска) катастрафічна не стае вашай крамы. Адна вялікая прадуктовая крама знаходзіцца ў цэнтры пасёлка. З ускраіны да яе дабірацца пехам хуткім крокам — мінімум 20 хвілін! (Падумаем пра старэйшае пакаленне). На вул. Саўгаснай ужо даўно пустуе невялікае, прыдатнае для крамы, памяшканне. Прашу, адкрыйце ў ім краму!» — напісала яна.
«Еўраопт» заўважыў зварот і адказаў у каментарыях.
«Нам вельмі прыемна, што вы чакаеце нас у сваім аграгарадку. Аднак рашэнне аб далейшым выкарыстанні памяшкання і аб тым, хто можа арганізаваць там працу крамы або іншага неабходнага жыхарам аб’екта, прымаюць мясцовыя органы ўлады. Са свайго боку «Евроторг» заўсёды гатовы разглядаць прапановы і прыходзіць туды, дзе нас сапраўды чакаюць пакупнікі», — паведамілі прадстаўнікі сеткі.
Да абмеркавання далучылася і «Е-дастаўка», якая прапанавала альтэрнатыву новай краме: «Мы ведаем лепшы варыянт — нават ісці нікуды не давядзецца».
У якасці яшчэ аднаго варыянту жанчыне прапанавалі аўталаўку: «У «Еўраопта» ёсць аўталаўка, таксама як альтэрнатыва». Аднак аўтарка ідэі палічыла, што для Ракава гэта не найлепшы выхад: «Аўталаўка хутчэй актуальная для зусім маленькіх вёсак».
Іншыя ўдзельнікі абмеркавання згадалі, чаго яшчэ, на іх думку, не стае Ракаву: «Трэба яшчэ «Беларуснафту» ўгаварыць адкрыць запраўку», «Яшчэ зоамагазіна нармальнага не стае».
Нагадаем, днямі Аляксандр Лукашэнка падняў пытанне даступнасці ў вёсках базавых тавараў і паслуг «па справядлівай цане». Паводле яго слоў, калі ў Мінску і абласных цэнтрах крамаў шмат і паміж імі ёсць канкурэнцыя, то «вяскоўцы зусім не распешчаныя».