Украінскія памежнікі папярэдзілі Лукашэнку
2- 9.08.2026, 11:26
- 2,596
Дыктатар павінен разумець, чым для яго абернецца ўступленне ў вайну.
Украінскія вайскоўцы не фіксуюць на тэрыторыі Беларусі нарошчвання ўдарнай групоўкі войскаў ля мяжы. Пры гэтым у Кіеве лічаць, што Расія працягвае ціснуць на Мінск, дамагаючыся больш актыўнага ўдзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны. Пра гэта заявіў прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчэнка у эфіры тэлемарафону, перадае партал «Слово і діло».
Паводле слоў Дземчэнкі, сітуацыю на мяжы з Беларуссю адсочваюць падраздзяленні Дзяржаўнай памежнай службы і Генеральны штаб Украіны.
«Нашы падраздзяленні і Генеральны штаб таксама адзначаюць, што нарошчвання якой-небудзь ударнай групоўкі ў напрамку нашай мяжы на тэрыторыі Беларусі няма. Але, зноў жа, ціск з боку Расіі на Беларусь захоўваецца, каб яна больш актыўна далучалася да вайны супраць нашай краіны», — заявіў Дземчэнка.
Ён таксама адзначыў, што за час паўнамаштабнай вайны Украіна істотна ўзмацніла мяжу з Беларуссю. У прыватнасці, гаворка ідзе пра інжынерныя збудаванні, фартыфікацыі і мінна-выбуховыя загароды на напрамках, якія ўкраінскі бок лічыць найбольш небяспечнымі.
«Беларусь павінна разумець і бачыць, што мы робім, што мы не ўяўляем пагрозы для Беларусі, але калі раптам Беларусь сваімі сіламі вырашыць далучыцца да вайны, то яна павінна разумець, з чым будзе мець справу», — сказаў прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы.
Нагадаем, у пачатку паўнамаштабнага ўварвання ў лютым 2022 года расійскія войскі выкарыстоўвалі тэрыторыю Беларусі для наступу на Украіну. У далейшым Лукашэнка таксама прадастаўляў Расіі тэрыторыю і інфраструктуру для ваенных патрэб.