Лукашэнка раскрытыкаваў Індыю, Расію і Кітай
- 1.09.2026, 12:55
- 2,276
ШАС яму бачыцца «арганізацыяй, якая будзе рэфармаваць ААН».
Лукашэнка чарговы раз вырашыў выступіць у ролі галоўнага стратэга глабальнай геапалітыкі — гэтым разам папракнуўшы Індыю, Расію і Кітай у недастатковай ініцыятыўнасці ў справе пабудовы так званага «многапалярнага свету». Сваё незадаволенне ён выказаў на пасяджэнні ў фармаце ШАС+ у Бішкеку, папярэдзіўшы, што арганізацыя рызыкуе ператварыцца ў чарговы аналаг ААН — структуру, якую той жа беларускі кіраўнік гадамі кляйміць як беззубую і бескарысную.
На яго думку, менавіта краіны ШАС здольныя падштурхнуць рэформы Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.
«Нам па сілах прасоўваць у сваім фармаце рашэнні, што забуксавалі ў Нью-Ёрку з-за процідзеяння Захаду, па такіх напрамках, як садзейнічанне міжнароднаму міру і бяспецы, барацьба з тэрарызмам, кіберпагрозамі і наркатрафікам. У эканамічнай плоскасці ШАС здольная эфектыўна рэалізаваць ініцыятывы, якія сёння не праходзяць у ААН, па барацьбе з аднабаковымі прымусовымі мерамі, стымуляванні ўзаемных інвестыцый, спрашчэнні мытных працэдур, развіцці лічбавай эканомікі, транспартнай узаемазвязанасці. Фармуючы кансэнсус па гэтых тэмах на нашай прасторы, ШАС стварае трывалую аснову для аднаўлення паўнавартаснага глабальнага дыялогу», — дадаў ён.
Больш за тое, на думку Лукашэнкі, ніводнае мерапрыемства ў свеце ўвогуле не павінна праходзіць без удзелу ШАС — праўда, тут жа ён паскардзіўся, што сама арганізацыя губляе каштоўны час на пустыя дэкларацыі.
«Асабліва на першым пасяджэнні шмат гаварылася пра тое, што без нашай арганізацыі, без Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва не павінна праходзіць ніякага мерапрыемства ў свеце. Мы ўсё гэта разумеем, кажам, што ў нас нейкі «дух» і гэтак далей. Але гэтага мала. Людзі ад нас чакаюць канкрэтных дзеянняў у напрамку многапалярнасці. Час ідзе. Калі мы страцім час, то можам ператварыцца ў Арганізацыю Аб’яднаных Нацый у тым выглядзе, у якім яна існуе», — паскардзіўся кіраўнік, нібыта забыўшы, што крытыкаваная ім бюракратычная непаваротлівасць — фірмовая рыса большасці аўтарытарных аб’яднанняў, у тым ліку і той самай ШАС.
Пры гэтым надзеі Лукашэнка не губляе: паводле яго слоў, арганізацыя яшчэ можа стаць каталізатарам абнаўлення самой ААН.
«Але ў перспектыве мы можам выступіць каталізатарам аздараўлення, аздараўлення ААН, вярнуць ёй статус пляцоўкі для вырашэння найбольш складаных агульнасусветных праблем, а не інструмента ў руках Захаду для ціску і прымусу суверэнных і незалежных дзяржаў. Пра гэта мы таксама чамусьці баімося казаць. Але для абнаўлення ААН важныя не толькі персаналіі кіраўнікоў. Таксама важнае фарміраванне культуры міждзяржаўных паводзінаў, заснаванай на ўзаемнай павазе і дыялогу», — заявіў Лукашэнка, пакінуўшы па-за ўвагай той факт, што рыторыка пра «ўзаемную павагу» гучыць даволі дзіўна на фоне шматгадовых рэпрэсій у ягонай уласнай краіне.
Свой сціплы ўнёсак у глабальную перабудову свету кіраўнік Беларусі бачыць і ў распрацоўцы так званай Еўразійскай хартыі разнастайнасці і многапалярнасці.
«Перакананы, свой унёсак у гэты працэс зробіць і распрацоўка Еўразійскай хартыі разнастайнасці і многапалярнасці ў ХХІ стагоддзі. На найбліжэйшай сесіі Генасамблеі ААН будзе афіцыйна запушчаны перагаворны працэс па распрацоўцы Хартыі. У практычным плане ён пачнецца ў сталіцы Беларусі ў лістападзе гэтага года на штогадовай Мінскай канферэнцыі па бяспецы. Карыстаючыся выпадкам, запрашаю вас на гэтую канферэнцыю», — не прамінуў скарыстацца момантам Лукашэнка для чарговага жэсту самарэкламы.
У завяршэнне сваёй прамовы ён запэўніў прысутных у гатоўнасці дзейнічаць актыўна ў гэтым напрамку — і выказаў чаканне аналагічнага рвення ад лідараў іншых краін, якім, паводле яго ўласнай ацэнкі, відавочна бракуе ініцыятывы. Праўда, пра тое, якія канкрэтныя крокі робіць ягоны рэжым для пабудовы «многапалярнага свету», Лукашэнка аддаў перавагу прамаўчаць.