Лукашэнка заявіў, што ягоная армія праграе суседнім краінам
4- 11.09.2026, 11:32
- 3,128
Дыктатар паразважаў пра вайну.
Лукашэнка ў чарговы раз запэўніў, што нападаць ні на каго не збіраецца — праўда, патлумачыў гэта не міралюбствам, а банальным разлікам: маўляў, ваяваць з суседзямі — «смерці падобна». Заява прагучала 11 верасня на агульнавайсковым палігоне «Абуз-Лясноўскі» ў Баранавіцкім раёне.
«Некаторыя нас тут спрабуюць папракнуць, што, маўляў, заўтра мы на кагосьці збіраемся напасці. Яшчэ раз паўтараю: мы не збіраемся ні на каго нападаць, мы — прагматыкі. Мы разумеем, што калі мы на кагосьці, дапусцім, з нашых суседзяў, здзейснім напад, гэта смерці падобна. Выйграць канфлікт з нашымі «манстрамі» — дзяржавамі, размешчанымі па перыметры, — мы не можам. Навошта тады пачынаць вайну, калі зусім адкрыта? Але абараніць сантыметр, міліметр сваёй зямлі, нашае насельніцтва, забяспечыць бяспеку мы абавязаныя», — заявіў дыктатар.
Далей Лукашэнка перайшоў да звыклай тэмы «варожай разведкі» ля межаў — ізноў без якіх-кольвек доказаў.
«Перыядычна фіксуем рознага кшталту правакацыі, парушэнні паветранай прасторы. Але гэта не галоўнае. Галоўнае ў тым, што нашыя суседзі трацяць мільярды на ўзбраенне сваёй арміі», — паскардзіўся ён.
Звяртаючыся да вайскоўцаў, кіраўнік заклікаў іх быць гатовымі «да своечасовай і адэкватнай рэакцыі, калі раптам нешта здарыцца», зазначыўшы, што «вопыт сучасных узброеных канфліктаў паказвае: найважнейшая роля пры вядзенні ваенных дзеянняў адводзіцца кіраванню войскамі».
«Не можа быць ніякага супраціву, абароны, наступлення, не можа быць вайны без сувязі. Няма сувязі, няма кіравання войскамі — загінулі», — заявіў Лукашэнка.
Ён таксама падкрэсліў, што «ў умовах, калі ўвесь свет імкліва развівае інфармацыйныя тэхналогіі, сродкі разведкі, радыёэлектроннай барацьбы і падаўлення», адставанне ў гэтай сферы — «смерці падобнае».