Аўтобус Мінск — Санкт-Пецярбург задыміўся проста на трасе
- 14.09.2026, 16:08
Пасажыры адмовіліся працягваць паездку на няспраўным транспарце.
Карыстальніца Threads распавяла пра тое, што 12 верасня а 21:00 аўтобус, які скіроўваўся па маршруце Мінск — Санкт-Пецярбург, задыміўся на трасе паміж Лепелем і Бягомлем. Судзячы па відэа, задымленне было каля кола.
— У людзей квіткі на самалёт з вельмі малым запасам часу на стыкоўку, у мяне перасадка, але добра, што на тэрыторыі краіны, — піша дзяўчына.
Таксама пасажырка паведаміла, што ўстойлівы пах у аўтобусе адчуваўся яшчэ пры пасадцы.
— Спісала ўсё на тое, што дзесьці падо мной паліўны бак. У выніку пасля двух прыпынкаў аўтобус так задыміўся, што ад едкага паху дыму было немагчыма знаходзіцца ў салоне. Пасля чарговага прыпынку вадзіцелі былі гатовыя працягнуць паездку, але ехаць ужо ніхто не хацеў. Чаму мы пачалі рух на няспраўным транспартным сродку — вялікае пытанне.
Для дзяўчыны было важна даехаць да пункта прызначэння, бо там яе чакаў трансфер у ЕС.
— Праз 20 хвілін спроб атрымалася спыніць папутку з цудоўнай сямейнай парай, якая па збегу абставінаў таксама ехала проста ў Полацк.