Беларус тайкам збываў савецкія рэчы са здымнай кватэры
2- 17.09.2026, 20:19
- 1,706
На арэнду хапала.
Незвычайны спосаб аплачваць здымную кватэру прыдумаў 34-гадовы жыхар Ваўкавыска. Мужчына патроху прадаваў маёмасць пажылой гаспадыні, а выручанымі грашыма плаціў за арэнду, піша Telegram-канал «102.Неман».
З заявай аб знікненні рэчаў у Ваўкавыскі РАУС звярнулася 76-гадовая мясцовая жыхарка.
Мужчына зняў кватэру ў пенсіянеркі на пачатку 2026 года. Усе паўтара месяца арэнды малады чалавек не спяшаючыся прадаваў чужыя рэчы, а выручаныя грошы аддаваў гаспадыні ў якасці аплаты за пражыванне. А тое, што заставалася, траціў на асабістыя патрэбы.
Хітры план арандатара пенсіянерка зразумела толькі пасля таго, як яго выселілі.
З кватэры зніклі стацыянарны тэлефон, падстаўкі для бутэлек, прайгравальнік пласцінак, тры камплекты пасцельнай бялізны, пыласос, самавар, вазы і посуд з крышталю.
Адным словам, тыя самыя рэчы з СССР, якія без цяжкасцяў можна прадаць скупшчыкам антыкварыяту. Часам нават па вельмі добрай цане.
Шкоду ацанілі ў 1200 рублёў. На мужчыну ўзбуджана крымінальная справа за крадзеж. Яму пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі.