Гісторык распавёў, у якім фільме Роберт Дэ Ніро згуляў беларуса
- 19.09.2026, 21:30
Нечаканае адкрыццё.
Гісторык Андрэй Котлярчук расказаў пра невядомы факт, які ён выявіў падчас сваёй працы.
«Той, хто любіць кіно, добра ведае класічны амерыканскі фільм Майка Чыміно The Deer Hunter («Паляўнічы на аленяў»). Скажу шчыра: гэта адзін з маіх самых любімых фільмаў, які я ўпершыню ўбачыў яшчэ ў СССР падчас гарбачоўскай Перабудовы. У стужцы здымаліся мега-зоркі Галівуда: Мэрыл Стрып, Роберт Дэ Ніро і Крыстафер Уокен.
Нагадаю, што сюжэт фільма, прэм'ера якога адбылася 8 снежня 1978 года, праз пяць гадоў пасля вываду амерыканскіх войскаў з В'етнама, распавядае пра лёс траіх маладых амерыканцаў славянскага паходжання, прызваных на вайсковую службу і накіраваных на вайну ў В'етнам.
Кінакрытыкі доўгі час спрачаліся: хто ж гэтыя хлопцы па нацыянальнасці? Амерыканскія ўкраінцы-лемкі, бойкі ці, можа, рускія?
Дык вось, мне ўдалося дакладна высветліць, што Мэрыл Стрып, Роберт Дэ Ніро і Крыстафер Уокен граюць у фільме амерыканскіх беларусаў, а знакамітая сцэна вяселля была знятая Майкам Чыміно паводле матываў сапраўднага беларуска-амерыканскага вяселля ў праваслаўнай царкве Нью-Ёрка, на якім Чыміно быў шаферам жаніха».
Працуючы з асабістай справай Віктара Чабатаравіча ў The Arolsen Archives, гісторык звярнуў увагу на тое, што яго сын, народжаны ў Беларусі ў 1940 годзе, меў даволі рэдкае імя Ніканор. Сам сын ужо памёр, але пры жыцці быў вядомым на ўвесь Нью-Ёрк барыста і былым агентам ФБР.
«Дык вось, як высвятляецца: Майк Чыміно і Ніканор, або Нік Чабатаравіч, былі найлепшымі сябрамі з дзяцінства, — піша ён і цытуе Чыміно ў інтэрв'ю часопісу The Hollywood Reporter ў 2015 годзе пра беларуса:
«Гэта вельмі асабісты фільм, асабліва сцэна вяселля. Мой лепшы сябар у той час быў беларусам, чалавекам беларускага паходжання, Ніканор Чабатаравіч. Менавіта такое прозвішча носіць герой, якога грае Christopher Walken, Ніканор Чабатаравіч, або, як у фільме, Нік Чаватаравіч. І я быў шаферам на яго вяселлі».
У амерыканскім некралогу Ніканора Чабатаравіча можна прачытаць наступныя радкі:
«Чабатаравіч нарадзіўся ў Беларусі і падчас Другой сусветнай вайны разам з бацькамі эміграваў у Злучаныя Штаты. Ён вырас у Флашынгу і вельмі любіў кіно, — узгадваў яго былы кіраўнік у ФБР і сябар Цім Рэмбіяс.
Сябар Чабатаравіча і сусед па пакоі ў каледжы Майкл Чыміно, пазней, як вядома, стаў сусветна вядомым кінарэжысёрам і назваў у яго гонар аднаго з галоўных герояў фільма «The Deer Hunter» капрала Ніка Чаватаравіча. За выкананне гэтай ролі Christopher Walken атрымаў прэмію «Оскар»».