2 верасня 2026, Серада, 12:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнкаўскіх алігархаў выжываюць з Расіі

1
Лукашэнкаўскіх алігархаў выжываюць з Расіі

Суды не шкадуюць набліжаных да дыктатара бізнэсоўцаў.

Ці можна ўявіць, што звычайны беларускі міністр, падаткавік, кантрагент і гэтак далей, будучы ў цвярозым розуме і нават маючы вагомыя падставы, адважыцца звязвацца з бізнесам, набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі і ягонай сям'і? Абсалютна не. Таму, калі праблемы ўзнікаюць, напрыклад, у Расіі, гэта становіцца для «сямейнага бізнесу», мабыць, культурным шокам. І такіх шокаў апошнім часам прыбавілася. Расійскія суды не шкадуюць лукашэнкаўскіх «ні чыноў, ні імёнаў» і выпісваюць ім падатковыя штрафы і прадпісанні вярнуць даўгі.

Няма сігналу

Чым мацней старасць і ўсё, што з яе вынікае, не шкадуе Аляксандра Лукашэнку, тым імклівей, жадней і нахабней становіцца ягонае атачэнне. Іхняя задача — паспець прыхапіць, пакуль гэта магчыма. Прыхапіць, пакуль ніхто не адмаўляе ім у тым, што спадабалася. І пакуль ніхто не рызыкуе выстаўляць прэтэнзіі наконт таго, як гэта прыхапляецца.

У Расіі, на якую асобныя прадстаўнікі лукашэнкаўскай дзелавой эліты таксама маюць виды, іх статус недатыкальных, аднак, не працуе. Бо для мясцовых «крамлёўскіх вежаў» Лукашэнка не аўтарытэт. І ніколі ім не быў. А таму для іх кішэнных рэгулятараў спасылкі на яго — як гарох аб сцяну. Там свае правілы, якіх трэба прытрымлівацца. Не выконваеш — чакай пазоваў і штрафаў. Ці нечага яшчэ горшага.

Тое, што мясцовыя правілы не перапісваюцца па сігнале з Драздоў, у апошнія некалькі месяцаў адчулі на сабе некалькі набліжаных да Лукашэнкі нуварышаў.

«Рыбная каралева» без крэветкі і з валютнай «чорнай меткай»

Людміле Неронскай, якая мае доступ у сям'ю галоўнага спадкаемца Аляксандра Лукашэнкі — Віктара, у Беларусі належаць амаль усе кампаніі, што прадаюць звадкаваны газ, доля ў найлепшай прыватнай медыцынскай клініцы «Мерсі» і пара навенькіх рыбаперапрацоўчых заводаў. Сёлета да іх ціхаю сапай дадалася прыватызаваная «Белрыба». Акрамя таго, бізнэсвумен будуе сетку фірмовых крамаў.

Аднак у Расіі, дзе яна завяла рыбалоўную кампанію «Союзные рыбные промыслы», ёй не стае «рэсурсу».

Спачатку яго не хапіла, каб па просьбе Неронскай Росрыбалоўства павялічыла ў 2026 годзе квоту на вылаў рыбы яе ўладзівастокскімі траўлерамі.

Расійскае ведамства не толькі не выканала просьбу беларускай «рыбнай каралевы», але і ўрэзала квоту — за тое, што папярэдняя не была цалкам асвоена. Таксама Росрыбалоўства праігнаравала настойлівыя пажаданні мінскай бізнэсвумен атрымаць дазволы на здабычу ў расійскіх тэрытарыяльных водах больш каштоўных відаў рыбы і крэветкі.

А нядаўна, як даведаўся Plan B., уладзівастокскі бізнес Людмілы Неронскай трапіў у поле зроку прыморскіх падаткавікоў. Яны не зважылі на тое, што ў Беларусі яна недатыкальная. У выніку праверкі кампаніі «Союзные рыбные промыслы» выявілі «грэх з грахоў» — парушэнні валютнага заканадаўства.

Кампанія панесла за гэта адміністрацыйнае пакаранне.

У чым сутнасць парушэнняў — у судовых дакументах падрабязнасцяў няма. Але кіраўніцтва і ўладальнікі «Союзных рыбных промыслов» абурыліся. Яны падалі ў суд і патрабуюць прызнаць саму праверку падатковай інспекцыяй па Прыморскім краі «соблюдения требований валютного законодательства и ее результатов» незаконнай, а прадпісанні «об устранении выявленных нарушений валютного законодательства» — несапраўднымі. Таксама кампанія Неронскай настойвае на ануляванні адміністрацыйнага пакарання.

Справа ў самым разгары. І будзе цікава паглядзець, ці хопіць у істца магчымасцяў апраўдацца, нават калі паступіць званок з Драздоў.

Асабісты тэнісіст Лукашэнкі з пеняй

Сяргей Цецерын у апошнія гады, дзякуючы пакроўніцтву Аляксандра Лукашэнкі, вырас у буйнога бізнэсоўца. Аднак «званок сябру» праз праблемы ў Расіі рабіць не стаў.

Асабісты трэнер Аляксандра Лукашэнкі па тэнісе шмат гадоў трымаўся ў цені. Карысныя сувязі пачаў ператвараць у бізнэс-праекты толькі з другой паловы 2010-х. Але ўжо дасягнуў уражлівых маштабаў. Бізнэс-імперыя Сяргея Цецерына ахоплівае нерухомасць, будаўніцтва, рэкламу, гандаль алкаголем, а таксама сельскую гаспадарку.

Карэнны мінчанін зарэгістраваўся фермерам, выбраўшы для гэтага родныя мясціны Лукашэнкі — пасёлак Хімы недалёка ад Копысі і рэзідэнцыі свайго пакроўніка. Падрабязна пра станаўленне аграімперыі Цецерына, ядром якой з'яўляецца Сялянская гаспадарка «Старт ТС», распавядалі беларускія расследавальнікі з «БюроМедиа». У апошнія гады гаспадарка Цецерына прырасла двума перададзенымі яму ў кіраванне сельгаспрадпрыемствамі Аршанскага раёна — «Межево-Агро» і «Зубревичи-Агро». Адзін з іх галоўных прадуктаў — мармуровая ялавічына.

Аграбізнэс Цецерына таксама выйшаў на міжнародны рынак — у Расію. Праўда, з нюансамі.

Як заўважыў Plan B., меркаваць па яшчэ адной судовай справе, «Старт ТС» вырашыла не плаціць 150 тыс. расійскіх рублёў (каля 1,8 тыс. долараў) свайму маскоўскаму кантрагенту «Алгой». Той чакаў грошай амаль два гады і, не дачакаўшыся, сёлета звярнуўся ў суд. Цяпер па рашэнні расійскага правасуддзя Цецерын мусіць дадаць да гэтай сумы яшчэ каля 1 тыс. долараў пені і аплаціць судовыя выдаткі.

Гучыць незвычайна. Цікава, колькі беларускіх бізнэсоўцаў хацелі б пачуць падобную рэзалюцыю па сваіх пытаннях?

Мікалай Верацельнікаў, planbmedia.io

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках