Віцэ-прэзідэнтку Bank Of America зарэзалі ў цэнтры Нью-Ёрка
Падазраваную застрэлілі паліцыянты, якія прыбылі на месца.
У цэнтры Нью-Ёрка ўдзень зарэзалі 32-гадовую топ-менеджарку Банка Амерыкі (Bank of America) — аднаго з найбуйнейшых банкаў ЗША. Падазраваную застрэлілі паліцыянты, якія прыбылі на месца, паведамляе Reuters.
Забітую звалі Эрын П'ячэнці. Яна займала пасаду віцэ-прэзідэнткі ў падраздзяленні Банка Амерыкі, якое займаецца адборам бізнес-праектаў і пытаннямі канфлікту інтарэсаў. У ўстанове яна працавала каля паўтара года.
Напад адбыўся 31 жніўня каля 16:24 па мясцовым часе паблізу Таймс-сквер. Акрамя П'ячэнці, нажовыя раненні атрымаў 68-гадовы мужчына. Яго шпіталізавалі, стан ацэньваецца як стабільны.
Камісар паліцыі Нью-Ёрка Джэсіка Тіш заявіла, што, паводле папярэдніх даных, ахвяр выбралі выпадкова, а напад нічым не быў справакаваны.
У нападзе падазраюць 49-гадовую Памэлу Сіснэрос. Калі паліцыянты прыбылі на месца здарэння, яны ўбачылі жанчыну з двума вялікімі нажамі. Яна пайшла ў бок супрацоўнікаў, пасля чаго тыя адкрылі агонь. Сіснэрос атрымала раненні і пазней памерла. Паводле слоў камісара, у яе раней былі зафіксаваныя праблемы з псіхічным здароўем.
У Банку Амерыкі пацвердзілі смерць віцэ-прэзідэнткі.