Польская авіякампанія LOT патлумачыла залёт свайго самалёта ў Беларусь
- 2.09.2026, 13:55
- 1,364
Самалёт праляцеў над Гродзенскай вобласцю.
Пасажырскі самалёт LOT з Вільнюса ў Варшаву 1 верасня на кароткі час увайшоў у паветраную прастору Беларусі з-за ўмоў надвор'я. Пра гэта MOST паведамілі ў польскай авіякампаніі.
«Падчас рэйсу LO772 з Вільнюса ў Варшаву, які выконваўся 1 верасня, па трасе палёту — ад Сейнаў, каля польска-літоўскай мяжы, аж да Астраў-Мазавецкай — фармаваўся моцны навальнічны фронт. З мэтай забеспячэння бяспекі палёту камандзір паветранага судна па ўзгадненні з дыспетчарскай службай арганізацыі паветранага руху ў Вільнюсе папрасіў скарэктаваць курс і атрымаў на гэта дазвол. Затым самалёт перайшоў пад кіраванне польскай рэгіянальнай дыспетчарскай службы», — адказалі ў авіякампаніі LOT на запыт журналістаў.
Там дадалі, што LOT не выконвае рэйсы з выкарыстаннем паветранай прасторы Беларусі, а 1 верасня самалёт апынуўся там толькі на некалькі дзесяткаў секунд у выніку карэкцыі курса, звязанай з умовамі надвор'я.
«Гэта быў адзінкавы інцыдэнт, абумоўлены меркаваннямі бяспекі і які адбыўся па ўзгадненні з дыспетчарскай службай арганізацыі паветранага руху», — патлумачылі ў авіякампаніі.
Раней стала вядома, што рэйс LO772 Вільнюс — Варшава 1 верасня перасёк мяжу Беларусі, праляцеўшы над Гродзенскай вобласцю ў раёне прыгранічнай вёскі Калеты.