Памерла кінааператарка Таццяна Лагінава, якая зняла «Дзікае паляванне караля Стаха» і «Чорны замак Альшанскі»
- 21.09.2026, 8:39
- 1,038
Фота: Беларускі саюз кінематаграфістаў
Ёй было 82 гады.
У 82 гады памерла Таццяна Лагінава — першая кінааператарка ў гісторыі кінастудыі «Беларусьфільм», пра гэта 20 верасня паведаміў Беларускі саюз кінематаграфістаў.
«Сышоў з жыцця таленавіты майстар, чыя творчасць стала значнай часткай беларускага кінематографа. Яго прафесіяналізм, мастацкі талент, адданасць мастацтву і ўклад у развіццё айчыннага кіно назаўсёды застануцца ў памяці калег і гледачоў», — распавялі ў арганізацыі.
Лагінава нарадзілася 5 красавіка 1944 года ў Маскве. У 1971 годзе скончыла аператарскі факультэт ВГІКу, а яшчэ з 1970 года пачала працаваць на «Беларусьфільме». За амаль паўстагоддзя ў кіно яна зняла больш за 35 мастацкіх фільмаў.
Сярод яе самых вядомых прац — «Дзікае паляванне караля Стаха», «Чорны замак Альшанскі», «Знак бяды», «Юнацтва генія», «Анастасія Слуцкая», «Ясь і Яніна», «Вянок санетаў» і «Кожны трэці».
За аператарскую працу ў фільме «Юнацтва генія» Лагінава атрымала прыз Усесаюзнага кінафестывалю, а ў 1984 годзе — Дзяржаўную прэмію СССР. У 2003 годзе яе працу над фільмам «Анастасія Слуцкая» адзначылі дыпломам за лепшую аператарскую працу на кінафестывалі «Лістапад».
У 2021 годзе рэжысёр і прадзюсар Сяргей Кацьер зняў пра Лагінавую дакументальны фільм «Санеты памяці. Кінааператарка Таццяна Лагінава». Стужка атрымала спецыяльны дыплом журы Міжнароднага кінафоруму «Залаты Віцязь».