25 верасня 2026, Пятніца, 23:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Варшаве пад адкрытым небам адкрылася выстава, прысвечаная ўраджэнцу Мінска Ежы Гедройцю

У Варшаве пад адкрытым небам адкрылася выстава, прысвечаная ўраджэнцу Мінска Ежы Гедройцю
Ілюстрацыйнае фота

Экспазіцыя прымеркаваная да Года публіцыста і мысляра, абвешчанага Сенатам Польшчы.

У цэнтры Варшавы адкрылася выстава, прысвечаная ўраджэнцу Мінска Ежы Гедройцю і колу парыжскага часопіса Kultura. Экспазіцыя на плошчы Юзэфа Пілсудскага знаёміць з дзейнасцю Гедройця, якога называлі «Князем з Мэзон-Ляфіта», а таксама з гісторыяй Літаратурнага інстытута і роляй парыжскай «Kultura» ў польскім інтэлектуальным жыцці, перадае «Польскае радыё».

Асобнае месца на выставе займаюць выказванні Ежы Гедройця. Паводле слоў аўтара канцэпцыі экспазіцыі Станіслава Манцэвіча з Фонду парыжскага часопіса Kultura, многія з іх і сёння гучаць надзвычай актуальна.

«Калі чытаеш гэтыя цытаты, асабліва ўражвае тое, што словы, сказаныя дзесяцігоддзі таму, застаюцца актуальнымі і сёння. Таму тут яны надрукаваныя буйнымі літарамі. Пераважна гэта выказванні Ежы Гедройця пра Усходнюю Еўропу — пра нашых суседзяў і пра Расію. На маю думку, гэтая выстава важная не толькі ў сувязі з юбілейнымі датамі, але і менавіта дзякуючы сваёй актуальнасці», — адзначыў Станіслаў Манцэвіч.

Фото: T. Tołłoczko / Pałac Saski

На выставе таксама прадстаўлены буйнафарматныя фотаздымкі з збору Літаратурнага інстытута, заснаванага ім у 1946 годзе. Інстытут стаў адным з найважнейшых цэнтраў незалежнай польскай палітычнай думкі і літаратурнага жыцця ў эміграцыі.

На фотаздымках можна ўбачыць вядомых прадстаўнікоў кола парыжскага часопіса Kultura, сярод якіх Чэслаў Мілаш, Зоф’я Герц, Стэфан Кіселёўскі, Марэк Хласка і Вітольд Гомбровіч.

Экспазіцыя прымеркаваная да Года Ежы Гедройця, абвешчанага Сенатам Польшчы. У 2026 годзе адзначаюцца адразу дзве звязаныя з ім юбілейныя даты — 120 гадоў з дня нараджэння Гедройця (у Мінску на тэрыторыі сучаснай Беларусі) і 80 гадоў з дня заснавання Літаратурнага інстытута.

Выстава размешчаная побач з цэнтральным уваходам у Саксонскі парк у Варшаве і будзе адкрытая да ліпеня наступнага года.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках

▲