Затрыманага ў Грузіі беларуса Льва Міхеева выслалі ў Арменію, дзе яго таксама затрымалі
1- 26.09.2026, 11:26
- 1,182
Палітычны ўцекач знаходзіцца ў вышуку па запыце афіцыйнага Мінска.
Затрыманы раніцай 25 верасня ў Грузіі грамадзянін Беларусі Леў Міхееў вывезены да мяжы з Арменіяй і цяпер ужо знаходзіцца на армянскім баку, дзе таксама затрыманы, бо знаходзіцца ў вышуку па запыце беларускіх уладаў. Пра гэта сам палітычны ўцекач, які з 2021 года чакаў прыстанішча, паведаміў «Позірку».
«Я сёння спрабаваў здзейсніць стандартную працэдуру замены ID-карткі. Я загадзя пра гэта паклапаціўся і амаль за месяц пачаў працэдуру. Прыехаў у Дэпартамент міграцыі (у вёсцы Марткопі, каля 30 км ад сталіцы краіны Тбілісі. — Заўв. рэд.) і напісаў заяву. Яе ў мяне прынялі з фотаздымкам і сказалі праз дзве тыдні прыязджаць па рашэнне, як гэта звычайна было», — сказаў Міхееў.
Калі мінулі два тыдні, ён прыехаў зноў, але сцэнар быў нечаканы: «Мяне запускаюць, саджаюць на крэсла, і доўга нічога не адбываецца. Нарэшце з’яўляюцца супрацоўнікі, кажуць, што трэба паехаць з імі ў Тбілісі на субяседаванне».
«Адразу саджаюць мяне ў машыну. Я толькі паспеў адправіць [праваабаронцу] Раману [Кісляку] кароткае паведамленне, як у мяне забралі тэлефон. Фактычна з гэтага моманту я знаходзіўся ў становішчы арыштанта», — падкрэсліў беларус.
Ён адзначыў, што ў Тбілісі яго трымалі ў кабінеце каля двух гадзін: чакалі перакладчыка. «З’явіўся кейс-менеджар па маім пытанні і сказаў, што я нелегал, што мой дакумент, мая айдзішка, тэрмін дзеяння якой яшчэ не скончыўся, наогул не мае ніякага значэння», — апісаў сітуацыю актывіст.
Міхееву прапанавалі два варыянты: «выкінуць у кайданках з Грузіі» або добраахвотна яе пакінуць, самастойна выбраўшы, куды ехаць, нават у Беларусь. Ад вяртання на радзіму ён адмовіўся, таму што «прасіў прыстанішча менавіта з-за таго, што яго пераследавалі на радзіме». Актывіст папрасіў крыху часу, хаця б да канца дзеяння часовага пасведчання асобы (9 кастрычніка), але грузінскія сілавікі адмовілі.
«Мяне ганялі з кабінета ў кабінет. Прыйшоў лекар, распрануў да трусоў — нейкі жах. Потым паехалі дадому, я сабраў якіясьці рэчы, паехалі ў Дэпартамент. Потым ужо ў аўтазаку мяне сюды (на мяжу. — «Позірк».) прывезлі і выкінулі», — паведаміў беларус.
Паводле слоў Міхеева, ён сам выбраў Арменію. Суда па высылцы не было, яго «прымусілі падпісаць шмат папер» на грузінскай мове, сэнсу якіх ён не разумеў. «Я зразумеў, што яны тут проста шалёныя. З імі спрачацца наконт чаго-небудзь складана. Хай будзе Арменія. І працэс закруціўся, завярцеўся», — патлумачыў Міхееў.
На армянскай мяжы яго затрымалі, бо ён знаходзіцца ў базе міждзяржаўнага вышуку краін СНД па запыце Мінска. Ерэван, які ўзяў курс на збліжэнне з Еўразвязам, не выдае асоб, пераследаваных па палітычных матывах.
Беларускі праваабаронца Раман Кісляк, які пражывае ў Грузіі і сам некалькі гадоў спрабуе атрымаць міжнародную абарону, паведаміў «Позірку», што цэлы дзень спрабаваў атрымаць інфармацыю пра месцазнаходжанне Міхеева ў грузінскіх уладаў. Для гэтага ён звяртаўся ў Дэпартамент міграцыі, а калі яму адмовілі ў інфармацыі, — у паліцыю.
«Я патэлефанаваў у службу 112, гэта агульная экстраная служба, і паведаміў, што чалавек знік. Мне патэлефанавалі з крымінальнай паліцыі, папрасілі яго дакументы, пачалі шукаць. Магчыма, гэта нават паскорыла працэс яго дэпартацыі, таму што якраз у гэты час яго пачалі перакідваць з камеры ў камеру. Мы гэтага не ведалі», — адзначыў Кісляк.
«Пакуль мы шукалі Льва, яго трымалі інкамунікада, без сувязі з вонкавым светам. Гэта было фактычна гвалтоўнае знікненне. Яно не было працяглым, але ён быў абсалютна беспраўны. Яму не далі магчымасці ні звязацца з юрыстамі, ні атрымаць абарону закона і права, яго прымусова дэпартавалі», — падкрэсліў праваабаронца.
Паводле ягонай інфармацыі, толькі цяпер высветлілася, што яшчэ ў ліпені апеляцыйны суд прыняў нейкае рашэнне па справе Міхеева, магчыма — аб дэпартацыі.
«Мы не бачылі рашэнняў і будзем усё гэта, вядома, высвятляць. Грузія становіцца дзяржавай яшчэ больш беспраўнай, чым была раней, на жаль», — заявіў Кісляк.
Грузія, якой з 2012 года кіруе партыя «Грузінская мара» прарасійскага алігарха Бідзіны Іванішвілі, не задаволіла ніводнай заявы грамадзян Беларусі аб прадастаўленні прыстанішча. У першай палове 2026 года з краіны былі высланы 24 беларусы. Меркаваныя прычыны: перавышэнне тэрміну знаходжання (не больш за 365 дзён запар), пратэрмінаваны пашпарт (няможна абмяняць у амбасадзе з-за дыскрымінацыйнага ўказу Аляксандра Лукашэнкі ад 4 верасня 2023 года), учыненне злачынства.
У чэрвені гэтага года беларус — былы палітвязень (імя не называецца) быў упершыню дэпартаваны з Грузіі ў Арменію.
