РФ нанесла ўдар па рэзідэнцыі пасла Саудаўскай Аравіі ў Кіеве
- 28.09.2026, 2:17
Пад ударам таксама аказаліся школы і дзіцячыя сады.
Краіна-агрэсар Расія працягвае тэрор супраць Кіева і іншых украінскіх гарадоў. Толькі ў нядзелю расійскія акупанты запусцілі ўдарныя беспілотнікі па шэрагу грамадзянскіх аб’ектаў у Кіеве, уключаючы два дзіцячыя сады і дзве школы. Пад удар таксама трапіла рэзідэнцыя пасла Саудаўскай Аравіі.
Пра гэта распавёў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на сваёй старонцы ў X.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што такі выбар мэт мае толькі адно вызначэнне — тэрарызм. Атакаваныя аб’екты не маюць ніякага ваеннага значэння. Такімі ўдарамі вораг імкнецца нанесці як мага больш шкоды ўкраінскаму народу.
Паводле слоў прэзідэнта Украіны, у выніку сённяшніх атак акупантаў ёсць загінулыя, дзясяткі людзей пацярпелі.
Тым часам у Дняпрапятроўскай вобласці вораг ударыў па спартыўнай школе, а на Сумшчыне — па абласным доме дзіцяці.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўсе гэтыя ўдары дэманструюць нежаданне Расіі спыняць тэрор, і міжнародныя партнёры павінны цьвяроза ацэньваць сітуацыю.
Прэзідэнт Украіны папярэдзіў свет ад веры ў пустыя абяцанні Крамля.
«Расія ўмее падаваць такія абнадзейлівыя дыпламатычныя сігналы, якія ў свеце проста хочуць пачуць. Умее падаваць такія сігналы, каб адкласці жорсткія крокі з боку свету ў адказ на вайну», — заявіў лідар краіны.
У сувязі з гэтым прэзідэнт заклікаў поўнасцю рэалізаваць падпісаны ў ЗША закон імя сенатара Ліндсі Грэма аб новых санкцыях супраць Расіі. Украіна разлічвае на рашучыя крокі міжнародных партнёраў.
«Важна, каб і іншыя нашы партнёры з «Вялікай сямёркі» і «Вялікай дваццаткі» трымаліся прынцыповай пазіцыі», — дадаў украінскі лідар.
Прэзідэнт Украіны распавёў пра падрыхтоўку новых санкцыйных пакетаў, у тым ліку супраць фінансавых ланцужкоў, схем паставак кампанентаў і абсталявання для вытворчасці расійскай зброі. Абмежаванні закрануць таксама канкрэтныя прадпрыемствы і фізічных асоб, задзейнічаных у вытворчасці расійскай балістыкі.
Паводле слоў Зяленскага, новыя санкцыі могуць запрацаваць ужо ў кастрычніку, каб падштурхнуць краіну-агрэсара да рэальнай дыпламатыі.