Дроны ўдарылі па чыгунцы ў Бранскай вобласці каля мяжы з Беларуссю
2- 28.09.2026, 12:26
- 1,854
Цягнікі ў Мінск ідуць у абыход праз Смаленск і Оршу.
Беспілотнікі атакавалі чыгуначную інфраструктуру ў трох раёнах расійскай Браншчыны, паведаміў раніцай 28 верасня кіраўнік абласной адміністрацыі Ягор Кавальчук. На гэтым фоне Беларуская чыгунка праінфармавала пра змену маршруту цягніка з Анапы, які павінен быў ісці праз Браншчыну і Гомель.
На Браншчыне быў атакаваны чыгуначны перагон Дзяцькава — Людзінава, дзе абрынулася частка моста і 10 вагонаў сышлі з рэек. Акрамя таго, ў Унечскім раёне ў выніку атакі сышлі з рэек 18 пустых паўвагонаў. Пашкоджаныя чыгуначныя шляхі і ў Навлінскім раёне, расказаў Кавальчук.

Праз станцыю Унеча праходзіць маршрут цягніка № 489 Анапа — Мінск. Як паведамілі ў Беларускай чыгунцы са спасылкай на РЖД, яго маршрут і час прыбыцця змяняцца «па тэхнічных прычынах».
Склад, што выехаў 26 верасня, пусцяць праз Смаленск і Оршу, хоць цягнік павінен быў пасля расійскай Унечы прайсці праз Добруш і Гомель. У выніку замест прыбыцця ў Мінск у 17.10 28 верасня ён прыбудзе ў 16.02.
Для дастаўкі пасажыраў дадаткова прызначылі цягнік № 692 Мінск — Гомель, які адправіцца ў 17.06. А № 691 Гомель — Мінск адправіцца ў 12.53 і павязе тых, хто набыў квіткі на склад, які павінен быў ехаць праз Гомельшчыну.
«Просім з разуменнем паставіцца да сітуацыі, што склалася, і прыносім выбачэнні за прычыненыя нязручнасці», — гаворыцца ў паведамленні Беларускай чыгункі.