Краіну накрылі бясконцыя аварыі і такі ж бясконцы рамонт
3- 28.09.2026, 21:35
- 1,584
Чаму камунальным аварыям няма канца-краю.
На выходных у сталічным рэгіёне адбыліся адразу дзве камунальныя аварыі: у Бараўлянах праз адключэнне электраэнергіі пачаліся праблемы з вадой, а ў Мінску на вуліцы Жукоўскага з-пад зямлі забіў фонтан кіпеню, заліўшы некалькі кватэр шматпавярхоўкі.
«Праблема, на жаль, тыповая, трубы зношаныя па ўсёй краіне», – сказаў у эфіры «Белсата» гарадскі актывіст Валерый Сляпухін, каментуючы адразу дзве камунальныя аварыі, што нядаўна адбыліся ў сталічным рэгіёне.
У некалькіх пасёлках Бараўлянскага сельсавета адключылася электраэнергія, і хоць электрычнасць хутка вярнулі, кароткачасовы збой адбіўся на водазабеспячэнні: парушылася праца пяці свідравін і трох насосных станцый.
У выніку ў дамы жыхароў Бараўлян трапіла брудная вада. Камунальнікі пачалі зліваць яе з труб, каб запоўніць сістэму чыстай вадой. Інцыдэнт адбыўся яшчэ ў ноч на 27 верасня, аднак інфармацыі пра поўную ліквідацыю наступстваў дагэтуль не было.
А ў Мінску ў нядзелю ўтварыўся фонтан з кіпеню: на вуліцы Жукоўскага лопнула труба, і гарачая вада пачала біцца з-пад зямлі. Сіла напору была такая, што струмень з пяском і камянямі дасягаў чацвёртага і пятага паверхаў жылога дома побач. Заліло некалькі кватэр, у якіх выбіла шыбы, пашкоджаны аўтамабіль. Уладальнік кажа, што машына аднаўленню не падлягае: гэта гібрыд, і пацярпела электроніка.

На час рамонту гарачую ваду адключылі ў некалькіх дамах мікрараёна. Улады адрапартавалі пра тэрміновыя работы, і ўначы яе вярнулі спажыўцам. У «Мінскэнерга» папрасілі прабачэння за нязручнасці і падзякавалі за разуменне, а таксама паабяцалі, што страхавая кампенсуе шкоду пацярпелым «у штатным парадку». Пры гэтым прычыны здарэння не назвалі: маўляў, пашкоджаны фрагмент адправілі на экспертызу, тады ўсё стане зразумелым.
Застаецца незразумелым, як аварыя здарылася амаль адразу пасля летніх выпрабаванняў і прафілактычных работ, на час якіх жыхароў пакідаюць без гарачай вады.
«Найчасцей бывае зношанасць труб, адпаведна, у месцы злучэння, хутчэй за ўсё, маглі быць праблемы», – кажа Сляпухін.
Пазбягаць несанкцыянаваных фантанаў і адключэнняў вады і ацяплення дазваляе своечасовая замена трубаправодаў. Ён упэўнены, што цяперашнія тэмпы мадэрнізацыі ніжэйшыя за неабходныя:
«На гэты год запланаваная мадэрнізацыя не больш як 1% ад агульнай колькасці, і, вядома ж, гэтага мала, каб абнавіць усе сеткі і давесці іх да належнай якасці, каб не было такіх праблем».
Праўда, на прадпрыемстве «Мінсккамунцепласетка» вясной гэтага года запэўнялі, што ў сталіцы толькі 13% цепласетак патрабуюць замены, і цалкам інфраструктуру абновяць да канца 2029 года. Пасля гэтага давядзецца «абслугоўваць толькі штогадовы прырост зносу — каля 15 км трубаправода». Цяпер жа штогод мяняюць 55 км магістраляў.

Сляпухін прадказвае бясконцыя аварыі і такі ж бясконцы рамонт:
«У нас сістэма ўладкаваная так, што штогод будуць рамонты, і штогод усё роўна будуць узнікаць нейкія праблемы. Знос будзе цыклічным: адпаведна, адзін участак мы паправілі, на 2 тыдні перакрыўшы тыя ці іншыя ўчасткі, а потым будзе, як звычайна і як заўсёды, у іншых месцах».
Адзіным выхадам можа быць адмова ад існай мадэлі з цэнтральным ацяпленнем. Напрыклад, у Варшаве цяпло могуць даць у любы час года, нават улетку ў выпадку раптоўнага пахаладання. Сістэма збудавана такім чынам, што мае альтэрнатыўныя маршруты, і пры аварыях не даводзіцца адключаць цэлыя кварталы. А гарачая вада, што цячэ з крана, звычайна падаграваецца ў падвалах — да дамоў ідзе толькі халодная вада.
Як лічыць актывіст, новыя жылыя комплексы варта будаваць у Беларусі адразу з новай сістэмай цепла- і водазабеспячэння. Аднак часта забудоўшчыкі проста «прысмоктваюцца» да існай інфраструктуры, толькі павялічваючы на яе нагрузку.