Беларускі футбаліст перайдзе ў мацнейшую каманду Харватыі
- 4.09.2026, 17:31
ФОТА: БАРЫС САМКОВІЧ
18-гадовы Ягор Молчан стане гульцом заграбскага «Дынама».
Вінгер Ягор Молчан стане футбалістам заграбскага «Дынама». Ён афіцыйна далучыцца да клуба ў жніўні, у дзень свайго паўналецця.
Сёлета 17-гадовы футбаліст дэбютаваў на дарослым узроўні. За паўгода Ягор згуляў у 14 матчах за асноўны склад мінскага «Дынама» і набраў паказчык 2+2 у сістэме «гол+пас», зарэкамендаваў сябе як добры дрыблёр і атрымаў неафіцыйны статус адной з галоўных надзей пакалення ў беларускім футболе, піша Onlíner.
Раней Молчан не паехаў з мінскім «Дынама» на еўракубкавыя матчы. Як казаў галоўны трэнер «бела-сініх» Аляксандр Шагойка, у яго пашкоджанне.
Нядаўна Ягора ўключылі ў заяўку заграбскага «Дынама» на вучэбна-трэніровачныя зборы, а напярэдадні на канале Croatian football у сацсетцы X апублікавалі допіс, дзе паведамляецца пра паўнавартаснае падпісанне Молчана 13 жніўня, калі яму афіцыйна споўніцца 18 гадоў. Таксама адзначаецца, што раней Ягор адхіліў прапановы іспанскіх «Леванце» і «Валенсіі», каб падпісаць кантракт з харвацкім клубам.
Чым вядомы гэты клуб?
Заграбскае «Дынама» — мацнейшы і найбольш тытулаваны клуб. 26-разовы чэмпіён Харватыі, 17 разоў валадар Кубка Харватыі. Апошні раз «дынамаўцы» сталі чэмпіёнамі гэтай вясной. Акрамя таго, у актыве клуба шэсць суперкубкаў і рэгулярныя выхады ў групавыя стадыі еўракубкаў.
Прэзідэнтам «Дынама» з'яўляецца Звонімір Бобан — культовая постаць у гісторыі харвацкага футбола. Ён доўгі час выступаў за «Мілан», а разам са зборнай Харватыі ў 1998-м станавіўся бронзавым прызёрам чэмпіянату свету.
Як паведаміў журналіст Мікіта Лычоў, мінскае і заграбскае «Дынама» ўрэгулявалі ўсе тонкасці пагаднення. А гэта значыць, што ў найбліжэйшы час 18-гадовы вінгер адправіцца ў Харватыю і далучыцца да другой каманды «Дынама».