Магчыма маштабная аперацыя па дэзінфармацыі
- 4.09.2026, 21:48
Ядзерны магільнік у Беларусі ўжо будуецца?
Гомельскае выданне «Флагшток» папярэджвае, што будаўніцтва магільніка ядзерных адходаў у Беларусі ўжо магло пачацца, а ўлады рыхтуюць маштабную дэзінфармацыю насельніцтва.
Раней выданне пісала, што на адной з меркаваных пляцовак пад магільнік — Мсціслаўскай — ужо даўно вядуцца працы.
Беларуская арганізацыя па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі (БелРАО), якая займаецца выбарам пляцоўкі для будаўніцтва пункта пахавання радыеактыўных адходаў, паспрабавала аспрэчыць тую публікацыю. У арганізацыі заявілі, што працы, якія вяліся пад Мсціславам, былі «даследаваннямі, што праводзіліся ў межах вывучэння тэрыторыі як патэнцыйнай пляцоўкі» для адходаў, і запэўнілі, што яны былі завершаныя яшчэ ў маі 2026 года, а на дадзены момант ніякія працы там не вядуцца.
«Флагшток» у адказ прааналізаваў касмічныя здымкі з 29 верасня 2025 года па верасень 2026-га. На іх бачна, што першыя працы на пляцоўцы былі зафіксаваныя яшчэ ў верасні 2025 года. Затым маштабныя дзеянні спадарожнікі зафіксавалі ў сакавіку 2026 года — тады пачаліся працы на шматлікіх суфазійных правалах. Верагодна, будаўнікі засыпалі іх і выраўноўвалі ўзровень глебы, адзначала гомельскае выданне.
Вызначыць дакладны перыметр і час пачатку работ дапамог снежны покрыў: свежы снег, што ператвараўся ў цёмную слякату, выразна кантраставаў на спадарожнікавых здымках. На снезе былі бачныя сляды руху цяжкай тэхнікі.
У той жа час пачалося засыпанне канавы безназоўнага ручая ў зоне меркаванага будаўніцтва магільніка.
Пазней асноўныя працы працягнуліся ў паўночнай частцы разгляданай тэрыторыі — у двух кіламетрах ад месца верагоднага будаўніцтва магільніка.
Сляды парушэння травянога покрыва павялічваліся да канца жніўня 2026 года, у той час як БелРАО заявіла, што ўсе працы скончыліся ў маі.
«Дадзеная анімацыя (зробленая на аснове спадарожнікавых здымкаў. — Заўв. рэд.) абвяргае заяву арганізацыі і ўказвае на магчымую маштабную аперацыю па дэзінфармацыі грамадзян Беларусі», — адзначае «Флагшток».
Цяпер дзяржаўныя органы настойваюць на тым, што са спадарожніка бачныя меліярацыйныя працы. Аднак яны не тлумачаць, чаму гэтыя працы пачалі праводзіцца менавіта ў раёне магчымай будоўлі магільніка, звяртаюць увагу журналісты.
«Яшчэ адным довадам на карысць невыпадковага супадзення з’яўляецца і тое, што «Флагштоку» не ўдалося знайсці правядзення аналагічных меліярацыйных работ у іншых частках Мсціслаўскага раёна ў разглядаемы перыяд. У той жа час адзначым, што цяпер няма аргументаванага тлумачэння маштабных прац на поўнач ад пляцоўкі меркаванага месца будаўніцтва ПЗРО», — адзначае выданне.
Адказ на пытанне пра характар работ маглі б даць дэталёвыя касмічныя здымкі ў высокім дазволе або здымка з паверхні зямлі, аднак такія матэрыялы журналістам пакуль недаступныя.
Паводле слоў уладаў, у Беларусі ідзе выбар месца для будаўніцтва магільніка для пастаяннага захоўвання радыеактыўных адходаў. Выбіраюць паміж Хойніцкім раёнам у Гомельскай вобласці (раён вёскі Навасёлкі), Мсціслаўскім у Магілёўскай і Астравецкім — побач з БелАЭС — у Гродзенскай вобласці.
Плануецца, што ў сховішчы будуць размешчаныя нізка- і сярэднеактыўныя адходы — фільтры, матэрыялы, абсталяванне, — а таксама частка прадуктаў перапрацоўкі адпрацаванага ядзернага паліва. Само паліва маюць намер вывозіць у Расію, але пасля перапрацоўкі частка матэрыялаў можа вяртацца ў Беларусь.
Усе тры пляцоўкі для размяшчэння магільніка пакуль разглядаюцца як магчымыя. Канчатковы выбар павінны зрабіць пасля грамадскіх абмеркаванняў, дзяржаўнай экалагічнай экспертызы і рашэння ўрада.
Будучы аб’ект прызначаны не толькі для адходаў Беларускай АЭС. Паводле праекта, ён павінен стаць нацыянальным пунктам, куды будуць паступаць амаль усе радыеактыўныя адходы, што ўтвараюцца ў Беларусі.
Радыяцыйны хімік, эксперт па хімічнай, біялагічнай, радыялагічнай і ядзернай зброі (CBRN), даследчык глабальных рызык Сяргей Бесараб, як піша «Белсат», крытычна ацэньвае прапанаваны праект магільніка:
«Безумоўна, абраны самы танны праект. І, як мы цяпер бачым па дакуменце ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, ён яшчэ і даволі слаба прапрацаваны. Найбольш ключавыя моманты не ўлічваюцца. Усё зроблена для адчэпкі, абы перакінуць адказнасць за выбар пляцоўкі на дэпутатаў. Навукоўцы проста, як кажуць, умылі рукі», — лічыць Бесараб.