Лаўроў заявіў, што Германія пачала «сапраўдную вайну» з Расіяй
20- 6.09.2026, 17:48
- 13,978
Прычына — расійскі дрон у аэрапорце Ляйпцыга.
Дзеянні Германіі ў дачыненні да Расіі пасля выяўлення замінаванага дрона ў аэрапорце горада Ляйпцыг можна лічыць пачаткам «сапраўднай вайны», заявіў кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў. «Ляйпцыг, аэрапорт… Знайшлі нейкі там дрон. Сказалі, што гэта расійскі дрон, ніхто не стаў разбірацца. Гэта, уласна кажучы, па вялікім рахунку, пачатак такой сапраўднай вайны», — сказаў кіраўнік ведамства ў інтэрв’ю прапагандысту Павлу Зарубіну (цытата па «Інтэрфаксу»). На пачатку жніўня ў аэрапорце Ляйпцыг/Гале выявілі некалькі дронаў з выбухоўкай: адзін — побач з украінскім ваенна-транспартным самалётам, а другі — непадалёк ад аэрапорта.
Кіраўнік МУС Германіі Аляксандр Добрындт заяўляў, што выканаўцы «гібрыднай атакі» дзейнічалі па заказе расійскіх дзяржаўных структур. Пасля гэтага ўлады ФРГ прынялі рашэнне закрыць генконсульства РФ у Боне і Рускі дом у Берліне, а таксама ўзмацніць кантроль за расіянамі, якія прыбываюць у краіну. Лаўроў пракаментаваў гэтыя дзеянні Берліна: «Памятаю, што перад пачаткам Другой сусветнай вайны, Вялікай Айчыннай вайны, дакладней, немцы таксама свае дыпламатычныя місіі зачынялі». Таксама міністр заявіў, што канцлер Германіі Фрыдрых Мерц «ідзе, ну, па сутнасці, нам вайну абвяшчаць».
«Высветлілася, што гэтыя вось метастазы нацызму пачынаюць прабівацца. Гэта небяспечная з’ява. Мне здаецца, расійскае кіраўніцтва зробіць адпаведныя высновы», — падкрэсліў Лаўроў.
Раней Добрындт заявіў, што ўлады ФРГ рыхтуюць комплексны план па супрацьдзеянні расійскім гібрыдным атакам. Паводле яго слоў, план уключае аператыўнае размяшчэнне ў дзевяці стратэгічна важных гарадах Германіі спецпадраздзяленняў федэральнай паліцыі па барацьбе з дронамі. Яны возьмуць пад ахову аэрапорты, вакзалы, урадавы квартал у Берліне і іншыя крытычныя аб’екты, а таксама змогуць абясшкоджваць БПЛА з выбухоўкай.
Таксама плануецца надаць аб’ектам крытычнай інфраструктуры права самастойна абясшкоджваць дроны, пашырыць прымяненне сістэм штучнага інтэлекту, а таксама распазнаванне твараў і сістэмы відэаназірання для пошуку зламыснікаў, зброі і патэнцыйна небяспечных паводзінаў. Акрамя таго, прапрацоўваецца канцэпцыя стварэння нацыянальнага «кіберкупала».