6 верасня 2026, Нядзеля, 16:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

FT: Пастаўкі золата з РФ у Ганконг дасягнулі рэкорду

FT: Пастаўкі золата з РФ у Ганконг дасягнулі рэкорду
Фота: AP

З пачатку 2022 года ганконгскія кампаніі набылі золата РФ на суму 35 млрд долараў.

За першыя сем месяцаў 2026 года з Расіі ў Ганконг ва ўмовах санкцый з боку Захаду былі імпартаваныя амаль 100 тон золата — гэта рэкордны ўзровень, які амаль утрая перавышае аб’ём увозу за аналагічны перыяд 2025 года. Пра гэта ў нядзелю, 6 верасня, паведаміла газета Financial Times.

«З таго часу, як Лондан закрыў свае дзверы для расійскага золата пасля пачатку канфлікту ва Украіне, расійскія вытворцы ўсё часцей перанакіроўваюць экспарт на ўсходнія рынкі», — патлумачыў аналітык London Stock Exchange Group Дэбажыт Саха.

ЗША і Вялікабрытанія ўвялі санкцыі ў дачыненні да расійскага золата ў злітках пасля пачатку вайны РФ ва Украіне. У Ганконгу і Кітаі такіх абмежаванняў няма.

Тым часам цэнтральныя банкі па ўсім свеце, у тым ліку ў Францыі і Нідэрландах, таксама ўсё часцей рэпатрыююць золата, што захоўваецца ў Лондане і Нью-Ёрку.

У ліпені ў Ганконгу пачалося пілотнае ўкараненне новай сістэмы клірынгу па аперацыях з золатам. З пачатку 2022 года ганконгскія кампаніі набылі расійскага золата на суму каля 35 млрд долараў (30 млрд еўра).

Ганконг садзейнічае Маскве ў аперацыях на фоне асаблівых расійска-кітайскіх эканамічных адносін, у межах якіх Масква прадае рэсурсы Пекіну ў абмен на эканамічную падтрымку, заявіла кансультантка Gatehouse Віта Співак.

Большая частка золата, што паступае ў Ганконг, у выніку трапляе ў мацерыковы Кітай, удакладніла FT.

Расія — другі па велічыні вытворца золата ў свеце пасля Кітая, Масква ўсё часцей абапіраецца на экспарт сыравіны, у прыватнасці ў КНР, для падтрымкі ваеннай эканомікі.

У 2024 годзе Мінфін ЗША ўвёў санкцыі ў дачыненні да некалькіх ганконгскіх арганізацый за іх удзел у «адмыванні» золата, звязанага з Расіяй.

Раней Цэнтрабанк Расіі абвясціў, што на пачатак ліпеня валодаў 73,4 млн тройскіх унцый золата (2282 тонамі). Зараз запасы знаходзяцца на найніжэйшым узроўні з моманту ўварвання ва Украіну ў лютым 2022 года.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках