Мары Пуціна супраць матэматыкі: у ISW назвалі рэальныя тэрміны акупацыі Данбаса
- 8.09.2026, 11:25
Армія РФ праваліла ўжо 15 тэрмінаў.
Расійскія войскі пры цяперашніх тэмпах наступу змаглі б выйсці да межаў усёй Данецкай вобласці толькі да 2 кастрычніка 2032 года — гэта значыць больш як праз год пасля наступных выбараў у Дзярждуму РФ, якія, верагодна, адбудуцца ў верасні 2031-га. Такі разлік прыведзены ў справаздачы Інстытута вывучэння вайны (ISW).
Лічба грунтуецца на статыстыцы жніўня 2026 года. Сярэдні тэмп прасоўвання войскаў РФ у межах іх прыярытэтнай задачы ў Данецкай вобласці складаў 2,36 кв. км у суткі, тады як па ўсім тэатры баявых дзеянняў — 2,91 кв. км у суткі, што крыху вышэй за паказчыкі папярэдніх месяцаў. Пад кантролем Украіны цяпер застаецца каля 19% тэрыторыі вобласці.
Самі аналітыкі папярэджваюць ад няправільнага прачытання гэтых даных: гаворка ідзе пра арыфметычную экстрапаляцыю, а не пра прагноз акупацыі рэгіёна да канкрэтнай даты.
«ISW не гатовы ацэньваць, ці змогуць расійскія войскі захапіць астатнюю частку Данецкай вобласці ўвогуле ў якія-небудзь тэрміны. Ні траекторыя, ні якая-небудзь верагодная дынаміка цяперашняга канфлікту не сведчаць пра тое, што расіяне здольныя ў бліжэйшы час рэзка нарасціць тэмпы прасоўвання — пакуль заходняя падтрымка Украіны застаецца прыкладна на цяперашнім узроўні», — адзначаюць у ISW.
«Пояс крэпасцяў» і 15 праваленых тэрмінаў
Крамлёўскі графік выглядае інакш: паводле ацэнкі аналітыкаў, расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін разлічвае ўсталяваць кантроль над усёй Данецкай вобласцю да канца 2026 года. Крыніца, блізкая да Крамля, перад візітам амерыканскіх перамоўшчыкаў у Маскву заяўляла, што мірнай дамовы не будзе, пакуль расійскія войскі не забяруць астатнюю частку вобласці.
Практыка гэтага графіка не пацвярджае. Баявыя дзеянні за Канстанцінаўку ідуць з кастрычніка 2025 года, і за 11 месяцаў узяць горад не ўдалося. Расійскія войскі таксама не дайшлі да Славянска, Краматорска і Дружкоўкі — ключавых гарадоў умацаванай агламерацыі, якую называюць «поясам крэпасцяў».
Менавіта гэтая гарадская забудова, на думку ISW, з’яўляецца галоўнай перашкодай для далейшага наступу: спачатку расіянам давядзецца весці знясільваючыя вулічныя баі ў кожным з гэтых гарадоў, і толькі потым прасоўвацца па адкрытай мясцовасці, дзе іх войскі гістарычна сутыкаліся з найбольшымі цяжкасцямі.
З лютага 2022 года Пуцін вызначаў не менш як 15 тэрмінаў для захопу ўсёй Данецкай вобласці. Ні адзін з іх расійская армія не выканала.
Крэмль атрымлівае «прыгожыя даклады»
Нерэалістычныя чаканні расійскага кіраўніцтва аналітыкі звязваюць з сістэмай справаздачнасці ў Узброеных сілах РФ. Практыка «прыгожых дакладаў», пра якую пішуць і расійскія вайсковыя карэспандэнты, прадугледжвае сістэматычнае перабольшванне рэальных вынікаў на ўсіх узроўнях камандавання, а вышэйшае кіраўніцтва дадаткова раздувае поспехі ў межах кагнітыўнай вайны — каб стварыць карціну маштабнага прасоўвання і абвалу ўкраінскай абароны.
Наступствам гэтай скажа́най карціны з’яўляецца перагаворная пазіцыя Масквы. Пасля сустрэчы Пуціна са спецыяльным пасланнікам ЗША Стывам Уіткофам і былым старэйшым дарадцам прэзідэнта ЗША Джарэдам Кушнерам 5 верасня памочнік расійскага прэзідэнта Юрый Ушакоў заявіў, што Пуцін пацвердзіў намер дасягнуць усіх ваенных мэтаў РФ менавіта ваеннымі сродкамі і падкрэсліў неабходнасць ліквідаваць так званыя «каранёвыя прычыны» вайны. Крамлёўскі чыноўнік таксама паведаміў, што Пуцін прадставіў амерыканцам уласную ацэнку «значных поспехаў» на лініі фронту.
Гэтыя патрабаванні Пуцін упершыню сфармуляваў 14 чэрвеня 2024 года: вывад украінскіх войскаў з усёй Луганскай, Данецкай, Запарожскай і Херсонскай абласцей, уключна з тэрыторыямі, якія РФ не акупуе; дымілятарызацыя і «дэнэцыфікацыя» Украіны, пад якой маецца на ўвазе замена ўрада на прарасійскі; а таксама нейтральны статус краіны без сяброўства ў НАТА.
Патрэба ў буйной інфармацыйнай перамозе мае для Крамля і ўнутранае вымярэнне. Пуцін паабяцаў расіянам вынік у абмен на гатоўнасць цярпець цяжары вайны, пры гэтым не ўводзячы поўнамаштабнага ваеннага становішча.