Германія тэрмінова перадасць Украіне ракеты-перахопнікі Patriot
- 8.09.2026, 17:21
Ракеты паступяць з запасаў Бундэсвэра.
Міністр абароны Германіі Барыс Пісторыус заявіў, што Берлін перадасць Украіне ракеты-перахопнікі PAC-2 для сістэм супрацьпаветранай абароны Patriot з запасаў Бундэсвэра.
Пра гэта Пісторыус заявіў падчас пасяджэння Кантактнай групы па пытаннях абароны Украіны ў фармаце «Рамштайн», паведамляе «Суспільне».
Паводле яго слоў, ракеты павінны паступіць ва Украіну да пачатку зімовага сезону на фоне чаканых расійскіх атак на энергетычную інфраструктуру.
«Я прыняў рашэнне паралельна з самітам НАТА прадаставіць Украіне тэрмінова неабходныя ракеты-перахопнікі PAC-2 з запасаў Бундэсвэра», — заявіў Пісторыус.
Ён таксама заклікаў іншых удзельнікаў «Рамштайна» праверыць уласныя запасы і разгледзець магчымасць аналагічных паставак Украіне.
«Я разумею, што няпроста знайсці баланс паміж уласнымі патрэбамі ў сферы бяспекі і тэрмінова неабходнай падтрымкай Украіны. Але, калі ласка, калі вы вагаецеся, прымайце рашэнне на карысць Украіны», — сказаў Пісторыус.
Раней міністр абароны Вялікабрытаніі Уэс Стрытынг паведаміў, што краіна выдзеліць 100 млн фунтаў стэрлінгаў на ўзмацненне супрацьпаветранай абароны Украіны ў зімовы перыяд. Пакет ваеннай дапамогі будзе ўключаць ракеты для комплексаў Patriot.