25 апреля 2024, четверг, 18:15
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Паэтычныя сезоны дробнай дыктатуры

7
Паэтычныя сезоны дробнай дыктатуры

Вось праведзена яшчэ адна маштабная кампанія па абароне народных інтарэсаў. З удзелам вялікіх сілаў міліцыі, гэбістаў і чорт ведае каго.

Схапілі паэта. Уламіліся ў кватэру, учынілі ператрус. Выграблі кнігі, рукапісы, флэшкі. Забралі на спецдаследванне. А ненавіснага ўладальніка ўсёй гэтай жудаснай крамолы кінулі на нары. Арыштам і ператрусам у Беларусі даўно ўжо не здзіўляецца ніхто. Але такога маштабнага і адмысловага вар’яцтва не было з часоў сталіншчыны.

Нават і тады жлабы-энкавэдысты адчувалі падсвядома пэўную неардынарнасць карнай аперацыі супраць літаратара. І таму спрабавалі надаць ёй хоць нейкі для ўсіх зразумелы выгляд: не пісьменнік арыштаваны, а вораг народа. А з ім, ворагам народа, яшчэ з часоў французскай рэвалюцыі размова была кароткай.

А тут нешта зусім бязглуздае. Схоплены і кінуты за краты вядомы паэт Уладзімір Някляеў. Ён, высветлілі цэрберы, яшчэ і лідэр грамадзянскай ініцыятывы “Гавары праўду!” А ў такім разе ўсё зразумела, усё лагічна.

Познія рупліўцы рэвалюцыйнай законнасці знайшлі нарэшце матывацыю бязглуздага дзікунства. Гэта ж усё – дзеля народа. Яго трэба ўсімі наяўнымі сіламі бараніць ад розных там паэтаў, якія пад венікам сядзець не пажадалі. Дзеля яго, безабароннага народа, пільнымі спецслужбамі была выкрыта гэтая страшэнная змова. “Гавары праўду!” Тут, у гэтай краіне? Жартуеце, панове?..

Галоўнакамандуючы не толькі вялікі вайскавод. Ён жа яшчэ і гарант народнага спакою. І ўжо ад нейкай там праўды можа ўсіх абараніць. А таму непахісныя вартавыя нашай амаль сацыялістычнай законнасці адразу распачалі крымінальную справу. Паводле артыкула, які абараняе спажыўцоў ад ілжывай інфармацыі аб таварах і паслугах. Гэта толькі наіўным падаецца, што тут нейкая бязглуздзіца і поўная недарэчнасць. А насамрэч усё проста бездакорна.

Хто такі народ, калі ўдумацца? Безумоўна, спажывец. А што такое праўда, калі не тавар? І каму тут не вядома, што адзінае прадпрыемства, якое займаецца выпускам гэтага спеыфічнага прадукта, месціцца на Карла Маркса, 38. Манаполія на ягоны выпуск належыць тут адной асобе. Толькі яна пастаўляе якасны тавар. Праўду ў чыстым выглядзе. А ўсё астатняе – кантрафактная прадукцыя. І спроба ўцюхаць яе народу-спажыўцу караецца ў адпаведнасці з вышэйзгаданым артыкулам.

Толькі адна акалічнасць псуе юрыдычнае абгрунтаванне гэтай карнай акцыі. Пасля Сталіна і Гітлера паэтаў кідалі за краты толькі палітычныя маразматыкі ды рэжымы экзатычных дзікуноў. Каб у дваццаць першым стагоддзі трапіць у іх кампанію, трэба надта пастарацца. Кляймо змагара з паэтамі нічым не адмываецца. Гэта – пажыццёва. Найвышэйшая з узнагарод, на якую можа разлічваць дыктатар.

Каб наважыцца на гэткі ўчынак, патрэбна неверагоднай моцы матывацыя. І яна, зразумела, у тутэйшай улады ёсць. Вельмі простая, як і ў тых законнікаў, што знайшлі артыкул пра кепскія тавары. Яна ўзнікла пасля нечаканага візіту аднаго бамжа з постсавецкага Ўсходу. Расповедам пра свой гаротны лёс ён так напалохаў высокае кіраўніцтва, што ўвесь гэты эпас імгненна набыў выразны мясцовы акцэнт. Яшчэ ўчора магчымасць змены месца жыхарства драздоўцам падавалася нейкай бязглуздай недарэчнасцю. А сёння выглядае зусім рэальным варыянтам.

А таму прымаецца стратэгічнае рашэнне нанесці прэвентыўны ўдар. Па ўсім, што тут яшчэ варушыцца. Каб да галоўных выбараў прыйсці толькі з тым электаратам, які сядзіць пад венікам. Або схаваўся ў бульбе. Мая хата з краю – надзейны пароль для пропуску ў спакойнае жыццё. А для астатніх тое, што яны абралі.

Феерычны спектакль. Па ўсёй краіне. Сапраўдны балаган. Нахабны, прымітыўны, разлічаны на ідыётаў. Узброеныя да зубоў амапаўцы ў шлемах і бронекамізэльках з аўтаматамі напагатове ўрываюцца ў прыватныя кватэры актывістаў грамадзянскай кампаніі. Ператрасаюць усё. Змятаюць кампутары, паштоўкі, дыскі. Але найперш – грошы і каштоўнасці. Рэжым сквапны і заўсёды бедны.

Відовішча набывае неверагодны размах. І дасягае ўзроўню шаленства. У Смалявічах да замкнёнай кватэры выклікаюць прадстаўнікоў аховы. І тыя пакорліва адчыняюць дзверы без гаспадара. У Бабруйску няпрошаным гасцям дзверы адчыняе ўнучка грамадскай актывісткі, якой не было дома. Дзяўчынку хваляць. Добра, што адчыніла. А то давялося б ламаць. Аднак і гэта яшчэ не ўсё, а толькі падрыхтоўка эфектнай кульмінацыі.

Вінаватага ва ўсіх грахах з няшчаснай праўдай Уладзіміра Някляева з бамжатніка ў міліцыю на допыт дастаўлялі ў кайданах. Пакуль не вызвалі нарэшце ў невядомым юрыдычным статусе. Трэба ж было дадумацца. Што за рэжысура ў гэтай пастаноўкі – паэт у кайданах!

Магчыма, пра тое подлае відовішча, пастаўленае саматужным калгасным рэжысэрам, і ўзгадваць было не варта. Усё тут зразумела. Аднак ёсць у гэтай сумнай гісторыі вартая ўвагі акалічнасць. А менавіта - грамадская рэакцыя на чарговы ўсплеск рэжымнага дзікунства. Жорстка выказаўся наконт апошніх падзей у Беларусі старшыня Еўрапарламента Ежы Бузэк. Выступілі з гнеўнымі заявамі замежныя ПЭН-цэнтры. А тут, у краіне, цішыня. І калі нават узнікае нейкая неўцямная гаворка на гэты конт, найчасцей пераважае ўсё тое ж наша спрадвечнае пытанне: а куды глядзіць Еўропа?

Ды ўсё туды ж, куды глядзела. І ніхто там не наймаўся вызваляць наш бедны, пакрыўджаны народ. Які, дарэчы, уласнымі рукамі падрыхтаваў усю тую фантасмагорыю. І калі ў грамадства няма ўжо нават волі і сілы, каб абараніць уласнага паэта, то застаецца толькі радавацца таму, што тут яшчэ не ўсё так кепска. Калі ўдумацца, ёсць і шмат станоўчага.

Вось праведзена яшчэ адна маштабная кампанія па абароне народных інтарэсаў. З удзелам вялікіх сілаў міліцыі, гэбістаў і чорт ведае каго. Цяпер кожны будзе разумець, чаму ў краіне такая процьма дармаедаў у форме. Нарэшце і яны знайшлі сабе месца і здзейснілі свой сціплы подзвіг. Змова выкрыта. Праўда ў краіне будзе толькі адна – са знакам якасці. Інтарэсам спажыўца нішто не пагражае.

Написать комментарий 7

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях