19 апреля 2024, пятница, 3:39
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Кантынент забытых палітвязняў

12
Кантынент забытых палітвязняў

Калі сёння за кратамі ўсё яшчэ застаюцца палітзняволеныя, то гэта праблема не толькі беларускага грамадства.

Добрая вестка – на волю выходзіць Павал Севярынец. Яго сустрэнуць родныя, сябры. Шмат каго ў гэтай краіне парадуе такая доўгачаканая навіна.

Напэўна ж, і на Захадзе падзею не абмінуць увагай. І магчыма, як тое было падчас вызвалення Змітра Дашкевіча, хтосьці з вядомых палітыкаў выкажа шчырыя словы ўдзячнасці тутэйшым суддзям, пракурорам ды простым вертухаям. І сапраўды, які прававы прарыў у таталітарнай Беларусі – яшчэ адзін палітзняволены пакідае зону! Выпусцілі. І нават не накінулі дадатковы год, як тое адбылося са Змітром. Статыстыка – на карысць рэжыму. Яна ўпарта сведчыць, што колькасць палітычных вязняў змяншаецца паціху. Чым не прагрэс?

Можна распачаць нават чарговы раунд старой гульні ў дэмакратычнае перавыхаванне ўпартага дыктатара. А раптам гэтым разам перамовы пойдуць паспяхова, і драздоўскі правіцель пераканаецца нарэшце ў відавочнай перавазе заходняга ладу жыцця перад тым балотам, якое ён стварыў за доўгія гады свайго панавання.

Шкада вось толькі, што Павал Севярынец – не апошні палітзэк у гэтай краіне. Сядзяць, як і сядзелі, Мікола Аўтуховіч, Эдуард Лобаў, Мікола Статкевіч, Алесь Бяляцкі ды іншыя зняволеныя па палітычных матывах. І ніякіх зменаў у іх пакуль што не прадбачыцца. Занадта слабыя і нікчымныя высілкі беларускага грамадства і еўрапейскіх дэмакратаў, каб хоць нейкім чынам паўплываць на іх лёс. І ўсе тыя, хто пакідаў апошнім часам месцы зняволення, выходзілі не ў выніку гуманных парыванняў брутальнай улады або неверагодных намаганняў заходніх палітыкаў. Проста палітзэкі адседзелі вызначаныя ім тэрміны. Ад званка і да званка.

А ўвогуле, сітуацыя жахлівая. Не толькі ў нас. Пасля ўсяго, што перажыла Еўропа ў дваццатым стагоддзі, нават уявіць было немагчыма, што нават у стагоддзі дваццаць першым на гэтым кантыненце яшчэ будуць заставацца палітвязні. Тыя, хто думае інакш, чым іх тыран. Тыя, каму не абыякавы лёс іх краіны і народа. Тыя, хто мае годнасць і гонар – менавіта гэта адзіны і найцяжэйшы склад злачынства ў вачах дзікуноў пры ўладзе.

Зразумела, Еўропа нам нічога не павінна. Самі, па ўласнай дурасці, улезлі ў балота. Самі павінны і вызваліцца. Увогуле размова не пра тое.

Прыналежнасць да цывілізаванага свету не можа не накладаць на чалавека адметны абавязак. Тым болей, заплаціўшы такую неверагодную цану за мінулыя памылкі, нельга так легкадумна паўтараць іх зноў і зноў. Усе гульні з дыктатарамі маюць аднолькавыя наступствы. І калі сёння за кратамі ўсё яшчэ застаюцца палітзняволеныя, то гэта праблема не толькі беларускага грамадства.

Гэта – палітвязні Еўропы. Кінутыя і забытыя.

Не аднойчы з’яўлялася магчымасць вызваліць іх. Не было толькі палітычнай волі на тое. Адзін з высокапастаўленых брусельскіх чыноўнікаў нават кінуў раздражнёна надзвычай настойлівым шукальнікам еўрапейскай спагады: “Як нам надакучылі гэтыя беларускія праблемы!”

І ўсё ж пасля арышту Алеся Бяляцкага шмат каму падалося, што цяпер ужо Еўразвяз скажа сваё рашучае слова. За краты кінуты не проста яшчэ адзін беларускі актывіст, а віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека. І што ў выніку?

А нічога. Усё тыя ж бездапаможныя шкадаванні з нагоды чарговага акту тутэйшага вераломства. Які адбыўся, дарэчы, пры непасрэдным удзеле педантычных еўрапейскіх службоўцаў. Вырашылі згуляць з дыктатурай у старую гульню пад назовам “Прававое поле”. Са спакойнай душой злілі інфармацыю пра тое, як праваабарончы цэнтр “Вясна” падтрымліваў палітвязняў і іх сем’і. Прынеслі, праўда, потым прабачэнні – усё, што маглі.

Алесь Бяляцкі сядзіць. Як і ўсе астатнія палітзняволеныя. Умовы ўтрымання ў турмах, як паведаміў у “лістах з пекла” Мікола Аўтуховіч, жудасныя. Штосьці сярэдняе паміж усходнім зінданам і канцлагерам. Зона вытанчаных здзекаў і крымінальнага бязмежжа садыстаў-наглядчыкаў. Ніякай дапамогі ніадкуль закладнікам рэжыму там чакаць не выпадае.

Аднак Еўразвязу сёння не да таго. Ідзе старанная падрыхтоўка да віленскага саміту “Усходняга партнэрства”. Ужо нават драздоўскі правіцель атрымаў прапанову вызначыць асабіста ўзровень прысутнасці Беларусі. Такі вось далікатны еўрапейскі рэверанс. І ўсё тая ж прывідная надзея – а раптам?..

Яшчэ у ліпені старшыня Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу ў інтэрв’ю газеце “Lietuvos rytas” дакладна вызначыў прыярытэты ў магчымых перамовах з апошняй дыктатурай: “Нельга нармалізаваць адносіны з рэжымам, калі не будуць вызвалены і рэабілітаваны ўсе палітзняволеныя”. Прайшло ўсяго тры месцы. Пра палітвязняў напярэдадні саміта ніхто ўжо і не ўзгадвае. Куды ж падзелася былая прынцыповасць?

А ў беларускіх палітвязняў, як і ў іншых зэкаў, наперадзе зусім іншая падзея – халодная і цяжкая зіма. У гнілых, асклізлых камерах, у штрафных ды іншых ізалятарах час цягнецца як восеньская цемра. Доўга і марудна.

Ад званка і да званка.

Уладзімер Халіп, спецыяльна для charter97.org

Написать комментарий 12

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях